У Курапатах дэмантавалі і вывезлі 70 крыжоў (абноўлена)



У Курапатах 5 красавіка зноў затрыманыя Павел Севярынец і Ніна Багінская.

Сёння раніцай рабочыя працягнулі ўстаноўку плота вакол урочышча. З дапамогай спецтэхнікі яны робяць ў зямлі адтуліны для слупоў, на якіх будзе мацавацца агароджа.

Прыблізна 10 актывістаў, якія прыйшлі раніцай у Курапаты, у тым ліку Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Ніна Багінская, падышлі да рабочых і пачалі ім тлумачыць, што гэта месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама запатрабавалі спыніць работы.

Багінская запатрабавала ад рабочага, які кіраваў міні-экскаватарам, выключыць музыку, выказаць павагу да мемарыяла.

У сваю чаргу прысутны начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Сяргей Удодаў запатрабаваў ад актывістаў сысці і не перашкаджаць рабочым. Багінская звярнулася да Удодава з просьбай паўплываць, каб рабочы выключыў музыку. Міліцэйскі начальнік распарадзіўся выключыць музыку.

Затым у Курапатах прыехалі два мікрааўтобусы. У адзін з іх, з надпісам „Міліцыя”, заштурхалі Багінскую, у другі — Севярынца. Астатнія актывісты адышлі ад рабочых.

Сёння раніцай ва ўрочышчы сабраліся прыблізна 10 актывістаў. Багінская прыйшла з бел-чырвона-белым сцягам і ў паліто з прышытым плакатам „Свабоду народу”.

4 красавіка ў Курапатах пад Менскам, на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, згодна з рашэннем улад былі дэмантаваныя 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам. Паводле інфармацыі міліцыі, падчас зносу крыжоў былі затрыманыя 15 чалавек „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”.

***

Знос крыжоў у мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах — гэта насмешка і здзек над хрысціянскімі сімвалямі, а таксама над тымі людзьмі, якія ў Курапатах пахаваны, — лічыць пастар царквы хрысціян веры Евангельскай Антоній Бокун. Ён наведаў мемарыял, калі там пад аховай міліцыі пачаўся знос крыжоў. Нават калі ва ўладаў былі прэтэнзіі да ўсталяваных грмадзянамі крыжоў у памяць забітых, то вырашыць праблему можна было нармальна і цывілізавана, а не так, як гэта зроблена. З аднаго боку падступна, з другога боку дэманстратыўна.

– Былі такія часы, калі ў нашай краіне зносілі крыжы. І тыя, хто зносіў крыжы, усе ведаюць, не вельмі добра пасля скончылі. І зараз зноў мы вяртаемся ў тое, дзе ўжо былі. Які сэнс ва ўсёй гэтай сітуацыі, я не разумею. І тых людзей, якія гэта робяць, выканаўцаў, і тых, хто аддаваў загады, мне проста шкада.

Але сітуацыя вакол Курапатаў ясна паказвае, у якой краіне і пры якой уладе мы ўсе жывем, — сказаў Антось Бокун.

***

За тое, што адбылося ў мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты нясе адказнасць кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, – лічыць першы намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук. Раніцай 4 красавіка ў мемарыяле, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, пад аховай міліцыі пачаліся будаўнічыя працы. Было знесна каля 70 крыжоў, якія на свае сродкі паставілі грамадзяне ў памяць сваіх забітых у часы сталінізму продкаў.

Зміцер Кучук адным з першых беларускіх палітыкаў, хто прыехаў у Курапаты:

Тут, канешне, крыўдна да слёз. Таму што зносяць крыжы на месцы, дзе ў 30-ыя гады расстрэльвалі інтэлігенцыю, людзі, якія мелі ўласныя меркаванні. Знаходзячыся тут, сапраўды не вытрымліваюць ніякія нервы. Тое, што зрабіў Лукашэнка, а ён нясе за гэта персанальную адказнасць, таму што па яго загадзе тут ўсё адбывалася. Таму тут вельмі цяжка знаходзіцца і бачыць гэтае варварства.

Па словах Змітра Кучука, Беларускай партыі „Зялёныя” неабходна даць палітычную ацэнку гэтым падзеям. „Па сваіх каналах мы будзем гаварыць пра тое, што адбылося, на розных пляцоўках, як у Беларусі, так і за межамі краіны. У нас адзіная краіна ў Еўропе, улады якой не далі ацэнку тым падзеям, якія адбываліся ў тым ліку і ў Беларусі ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Замоўчванне і хлусня вакол іх працягваецца. Таму трэба даводзіць інфармацыю пра сітуацыю ў Курапатах да ўсіх нашых партнёраў па ўсім свеце”, — лічыць Зміцер Кучук.

***

Апазіцыйнага актывіста Зміцера Дашкевіча, затрыманага раніцай 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) Менскага раёна. Пра гэта паведаміла БелаПАН яго жонка Анастасія Дашкевіч, якая знаходзіцца каля УУС Менскага раёна, куды пачаткова быў дастаўлены актывіст.

У ІЧУ Менскага раёна БелаПАН паведамілі, што ў іх таксама знаходзяцца Валянціна Яроменак і Павел Севярынец.

Сёння ў Курапатах з дапамогай спецтэхнікі было дэмантавана 70 драўляных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале з Дашкевічам. Паводле звестак УУС Менаблвыканкама, затрыманыя 15 чалавек. У групе інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Менаблвыканкама БелаПАН паведамілі, што затрыманыя дастаўленыя ва УУС Менскага раёна „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”. Ці застаюцца яны па-ранейшаму там, невядома.

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Мірановіч адмаўляў у каментарах журналістам недзяржаўных СМІ, а таксама дэпутату Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай. Пры гэтым ён пракаментаваў сітуацыю дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

Толькі праз некалькі гадзін пасля гэтага на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі з’явілася паведамленне пра сітуацыю ў Курапатах, якое практычна цалкам дублявала каментар Мірановіча. Мінлясгас паведаміў „аб правядзенні планавых работ па добраўпарадкаванні ляснога фонду на тэрыторыі ДСЛГУ „Бараўлянскі спецлясгас”. „У рамках навядзення парадку спецыялістамі ўстановы праводзіцца мантаж агароджаў, выдаленне асобных канструкцый”, — гаворыцца ў рэлізе.

Гэтыя працы, адзначаюць у міністэрстве, праводзяцца ў тым ліку ў Курапатах, тэрыторыя якіх з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і землямі дзяржаўнага ляснога фонду. Мінлясгас звяртае ўвагу на тое, што „спецыялістамі лясгаса ажыццяўляецца знос выключна тых аб’ектаў, якія былі ўсталяваныя без якой-небудзь дазвольнай дакументацыі, г.зн. з’яўляюцца незаконна ўсталяванымі”.

Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрочышча Курапаты будзе прыведзенае ў парадак, але рэстаран „Паедзем паядзім”, супраць працы якога пратэстуюць грамадскія актывісты, ніхто закрываць не будзе. Лукашэнка таксама выказаўся супраць несанкцыянаваных акцый ва ўрочышчы. „І каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там таксама не было. Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя белыя крыжы (гаворка ідзе пра новыя крыжы, устаноўленыя Дашкевічам і іншымі актывістамі летам мінулага года. — БелаПАН.)? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

***

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая наведала мемарыял ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах, дзе ўлады пачалі зносіць пастаўленыя грамадзянамі крыжы. Яна спарбавала размаўляць з кіраўніком Бараўлянскага спецлесгасу Аляксандрам Мірановічам і давесці яму незаконнасць дзеянняў на тэрыторыі мемарыялу.

– Ён адмовіўся мне прад’явіць якія-небудзь дакументы, матэрыялы, адносна таго, хто дазволіў выкананне гэтых прац, хто іх выконвае, і іншую інфармацыю, якая павінна быць па закону. То бок, калі тут выконваюцца будаўніча-мантажная працы, тут павінна быць агароджана пляцоўка, знаходзіцца пашпарт аб’екта, у якім названы, хто замоўца, выканаўца – адказныя асобы. Вы падрадчык, і вы бачыце, што тут парушаецца заканадаўства. Відаць, трэба звяртацца і  ў Дзяржбуднагляд, і  ў галіновае міністэрства – у тыя ворганы, якія адказваюць за будаўніцва.

Таму як юрыст я бачу, што як мінімум, тут ёсць парушэнне правядзення будаўніча-мантажных працаў, парушэнне тэхнікі бяспекі, — кажа Ганна Канапацкая. Але галоўнае, гэта тое, што робяць з крыжамі на тэрыторыі мемарыялу, гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, на тэрыторыі ахоўваемай зоны. З крыжамі, якія паставілі людзі, каб памятаць аб тых зладзействах, якія тут адбываліся. Таму за знос крыжоў на ахоўваемай тэрыторыі мемарыялу таксама можна звяртацца ў пракуратуру і прыцягваць парушальнікаў да адказнасці, — лічыць Ганна Канапацкая.

***

Ва ўрочышчы Курапаты паводле рашэння ўлад дэмантаваныя мемарыяльныя крыжы, усталяваныя летась грамадскімі актывістамі. Затрыманы сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Фота tut.by

Севярынец паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што Курапаты наведалі чыноўнікі. Паводле яго інфармацыі, улады нібыта збіраюцца ставіць вакол ўрочышча агароджу.

Фота facebook.com/belavus

Прыблізна ў 10.00 у Курапаты прыехаў апазіцыйны актывіст Зміцер Дашкевіч. Ён знаходзіцца там разам з абаронцай Курапатаў Ганнай Шапуцькай. „Па перыметры ўсе драўляныя крыжы — белыя, як іх назваў Лукашэнка, — знесеныя. Усе 70 крыжоў знішчаныя. Я думаю, што яны ноччу пачалі працаваць. Як і любая д’ябальшчына, яны вылазяць ноччу, таму што на 10-ю раніцы ўсё ўжо было паваленае і амаль усе пагружанае”.

ДАІ заблакавала пад’езды, а АМАП ачапіў Курапаты. Шмат тэхнікі і рабочых.

Падчас вядзення відэатрансляцыі ў Фэйсбуку Павел Севярынец быў затрыманы.

У Курапацкім лесе ляжаць парэшткі дзясяткаў тысяч людзей, расстраляных камуністамі ў 1937—1941 гадах. З канца 1980-х людзі ставілі на магілах і па перыметры ўрочышча крыжы. У 2018-м улады таксама паставілі сціплы помнік у цэнтры мемарыяла. На сваёй вялікай прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выказаў незадавальненне, што крыжы відаць з МКАД.

Беларускае Радыё Рацыя