Валянцін Дубатоўка: Сабака брэша, а караван iдзе
Наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі пагутарыў са старшынём абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцінам Дубатоўкам пра стан беларускай літаратуры.
РР: У чым змяніўся Саюз беларускіх пісьменнікаў пасля расколу, мяркую, праз 14-ць гадоў ад гэтых падзеяў наспелі нейкія параўнанні з работай творчага саюзу тады і цяпер?
– Я вось доўга думаў, а чаму ён адбыўся, той праславуты раскол. I ў мяне няма iншага адказу, як самадурства ўлады. Вы скажаце, маўляў, хацелi адабраць самастойнасць, намагалiся падпарадкаваць літаратараў. Але загадваць паэту абсалютна немагчыма, нават I. В. Сталiн тое разумеў, а нашыя, ну што тут скажаш. Пана бачна па халявах. Справа ў тым, што сёння ў час развіцця інтэрнэту i з выключна неардынарнымі творамі прабіцца да чытача з-за iнфармацыйнай завесы вельмi складана, а са слабымi замоўнымi рэчамi – гэта зрабiць абсалютна немагчыма. Дзяржаўнаму саюзу ўлады аказваюць падтрымку, даюць прэмii, друкуюць кнiгi iх сябраў за бюджэтныя сродкi. А вы спытайцеся ў шараговага чытача, цi ведае ён хаця б прозвiшчы iхнiх аўтараў. Мне здаецца, што тыя чыноўнiкi, хто задумаў раскол пiсьменнiцкага саюзу, зараз самі не ведаюць, што рабiць далей. Калi казаць пра наша абласное аддзяленне СБП, то тут усё iдзе эвалюцыйна. Штогод выдаецца альманах „Новы замак”, друкуюцца новыя кнiгi, праходзяць iмпрэзы, лiтаратурныя сустрэчы, святы. У мяне такое адчуванне, што пасля таго, як наш саюз стаў незалежным, то сама сабой узрасла адказнасць нашых сяброў за тое, што яны робяць. Таму ўсцяж уступаюць у наш саюз новыя сябры, з’яўляюцца новыя iнiцыятывы i праекты. I мяне вельмi цешыць, што гэта збольшасцi адбываецца ў раённых цэнтрах. А такiх энергiчных людзей як С. Суднiк, С. Чыгрын, В. Петрыкевiч зусiм не цiкавiць, хто над iмi. Яны на месцах робяць канктэтную справу. Таму штогод выдаецца ў Лiдзе краязнаўчы часопiс „Лiдскi летапiсец”, а ў Слонiме краязнаўчы каляндар. А тым, хто ўвесь час крытыкуе гэтыя мясцовыя выданнi адкажу так, сабака брэша, а караван iдзе. А нашае абласное аддзяленне СПБ сваiмi магчымасцямi будзе падрымлiваць тых, хто кiруе гэтым лiтаратурным працэсам на месцах.
РР: Беларускі літаратар індывідуаліст ці калектывіст? Які зборны партрэт сябра СПБ Гарадзеншчыны? Мужчына, жанчына? Узрост? Ці ёсць такія літаратары, якія могуць зарабляць толькі на сваёй творчасці?
– Вельмi цiкавае пытанне. Вы просiце мяне хуценька накiдаць агульны партрэт гарадзенскага лiтаратара. Зрабiць тое будзе вельмi складана, бо партрэт па канцоўцы можа атрымацца нечым падобны да „Чорнага квадрату” Малевiча – складаны для ўспрыняцця i не зусiм зразумелы. У нас ёсць i жанчыны, i мужчыны, i старэйшыя сябры, i маладыя. Маюцца такiя пiсьменнiкi, чые творы ведаюць далёка за межамi нашай краiны. I асобы, што ў лiтаратуры ўжо пакiнулi глыбокi след. Сярод нас ёсць i паэты, i пiсьменнiкi, i публiцысты, i крытыкi, мы ўсе розныя i гэта вельмi добра. А вось каб адказаць на апошню частку вашага пытання пра мажлiвасць зарабiць сваёй творчасцю? Думаю тут перад адказам трэба добра ўсё ўзважыць. Справа ў тым, што зараз у нашай краiне папяровыя носьбiты знаходзяцца ў непераадольным крызiсе. I тое, што не зрабiла ўлада сваiмi рэпрэсiямi i забаронамi, зрабiла памiраючая беларуская эканомiка. Не можа дбаць пра лiтаратурна-краязнаўчы часопiс галодны, даведзены да галечы чалавек. I таму бескаштоўны iнфармацыйны iнтэрнэт-прадукт абавязкова задушыць любы, нават самы таленавiты папяровы носьбiт, за якi трэба выдаткоўваць наяўныя. Вы спытаецеся, што рабiць пiсьменнiку? Адказ будзе просты i адназначны, шукаць новыя, неардынарныя мажлiвасцi, каб вярнуць свайго чытача. Iсцi да людзей самім, шукаць крэатыўныя iнавацыi. I нарэшце зразумець, што вам нiхто не дапаможа акрамя вас саміх. Павароту ў мiнулае не будзе нiколi. Як і Таварыства беларускай мовы, так і Саюз беларускіх пісьменнікаў у сваёй місіі захоўвае, зберагае і бароніць беларускую мову ва ўсіх сферах жыцця.
РР: Ці мае Саюз крытыкаў яго дзейнасці? Ці ёсць шляхі росту папулярнасці? Дзе яшчэ „не ўзаранае поле”?
– Разумееце ў чым справа. Вось мы зараз гаварылi пераважна з вамi пра нашыя праблемы. Само сабой можа паўстаць заканамернае пытанне, маўляў, калi так складана жыць, то можа i не трэба ўсё гэта. Навошта напружвацца, так бы мовiць, навошта дарма рваць жылы. I гэта будзе няправiльны адказ. Бо пiсьменнiкi, паэты i наогул лiтаратуры зʼяўляюцца неад’емнай часткай любой дзяржавы, яны патрэбныя народу, як паветра, вада, як мова. Нашае абласное аддзяленне СБП супрацоўнiчае з ТБМ у многiх праектах, тут i выступы ў беларускамоўных дзiцячых садках, i падрыхтоўка да агульнабеларускiх святаў, i агульныя выступы сярод школьнiкаў i студэнтаў, але, на маю думку, гэтага супрацоўнiцтва мала. Мы робiм адну справу. Таму i планы ў нас павiнны быць скаардынаванымi. Павiнны быць распрацаваныя агульныя праекты, агульныя мерапрыемствы, якiя праводзяць СБП і ТБМ. Усё зразумела, што заўсёды будзе бракаваць сродкаў, нам жа не дапамагае дзяржава. Але можа наша сумесная праца як раз i будзе невелiраваць гэтую фiнансавую патрэбу.
РР: Якія сёлета планы ў СБП Гарадзеншчыны?
– Я Вам асабiста ўдзячны за дадзенае пытанне. У мяне ўвесь час напрасткі цi праз iнтэрнэт пытаюцца нашыя чытачы пра нашыя планы на год. Я iх абсалютна разумею. Да любой падзеi патрэбна i падрыхтоўка, i неабходны час, як нам, так i нашым чытачам. Дык вось, на гэты год акрамя шараговых прэзентацый i выступаў мы плануем некалькi новых, i не толькi, мерапрыемстваў як у абласным горадзе, так i па вобласцi. Першае 23-га сакавiка ў „Цэнтры гарадскога жыцця” па Кiрава 3 у нас адбылася штогадовая прэзентацыя нашага альманаха „Новы Замак”. Сёлета ў Слонiме адбудзецца свята „Беларускага пiсьменства”, мы плануем прыняць у iм удзел. Ужо традыцыйна ў Дзятлаве ў жнiўнi разам з мясцовымi актывiстамi мы плануем правесцi штогадовае абласное свята паэзii. Зноў жа наведаем „Лiдскi фэст”. Не забудземся правесцi прэзентацыi cваiх кнiг i на „Анненскiм кiрмашы” ў Зэльве, i на свяце гораду ў Наваградку. Карацей, паспрабуем як мага шырэй прадставiць свае выданнi перад нашымi чытачамi як у Гароднi, так i па раёнах.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя