Памочнік прэзідэнта па Берасцейскай вобласці не дапамог інваліду 2-й групы



Памочнік прэзідэнта па Берасцейскай вобласці Анатоль Маркевіч не рашыўся дапамагчы інваліду 2-й групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандру Краўчуку ў разумным і прагматычным выкарыстанні забалочанага ўчастка на яго сядзібе. Краўчук вырыў тут вадаём, дзе збіраўся вырошчваць лекавыя травы. Тым самым ён вырашыў дапамагчы сабе і сям’і фінансава. Бо за мізерную пенсію немагчыма падымаць дваіх дзяцей. Спадар Маркевіч не паленаваўся з вялікай світай наведаць сядзібу Краўчука, каб на месцы вырашыць. Вырашыў: вадаём зрабіць лужай на адной сотцы. Кажа Аляксандр Краўчук:

– Пасля закопвання там будзе зноў балота. Нельга будзе нічога вырошчваць. Што рабіць з гэтай зямлёй, не ўяўляю. Напэўна нашай дзяржавае лепш бачна. Лепш каб яна не выкарыстоўвалася, ім, аднак, там напэўна ўсё роўна, як яна будзе выкарыстоўвацца. Галоўнае, не браць на сябе ніякай адказнасці і ў час атрымліваць грашовае ўтрыманне ад народу.

Паводле Аляксандра Краўчука, эколагі аштрафавалі яго за вадаём больш як на 5 000 рублёў, цяпер неабходны немалыя грошы яго закапаць. Інвалід спрабуе аспрэчыць непад’ёмны для яго штраф. Першы разгляд справы адбыўся ў Кобрынскім судзе без яго, хаця Краўчук прасіў аднесці паседжанне, на якое ён прыехаць не мог па прычыне хваробы. Штраф астаўся ў сіле. На абласны суд спадявання няма. Дарэчы, выдзеленая зямля некалі належала дзеду Краўчука. Дзе на спрэчным месцы быў таксама некалі вадаём.

Беларускае Радыё Рацыя