У Нараўцы прэзентавалі выставу „Наша Памяць”



У пачатковай школе ў Нараўцы на Падляшшы прэзентавалі сёння, 4 красавіка, выставу „Наша Памяць”, прысвечаную пяцідзёнаму, гэтак званаму, крываваму рэйду Бурага, калі ў прыканцы студзеня – пачатку лютага 1946 года польскае ўзброенае падполле спаліла 5 беларускіх вёсак на Беласточчыне. Ад рук жаўнераў або ў агні загінула тады каля 80 мірных жыхароў.

Пасля дакладу прафесара Алега Латышонка, моладзь пыталася пра асобы, якія важныя для Нараўкі – гэта беларускі асветнік Аляксандр Валкавыцкі і санітарка аддзела Зыгмунта Шэндзеляжа (Лупашкі) Інка.

– Лічу, што гэта не вельмі добра, што маладая дзяўчына знаходзілася ў лесе з атрадам дарослых мужчынаў, якіх задача была забіваць іншых.  Для сённяшняй моладзі ўсё ж такі лепшымі былі б узоры больш мірнага часу… Аляксандр Валкавыцкі не быў ніякім калабарантам, ані ворагам Польшчы. Яму абяцалі расплатау за тое, што ён не прыбраў беларускай мовы як прадмета ў Нараўчанскай школе. Паплаціўся за гэта жыццём.

Аўтарамі праекту „Наша Памяць” з’яўляецца беларускае гістарычнае Таварыства і Фонд Камунікат орг. Цягам мінулага лета актывісты правялі некалькі экспедыцыяў па спаленых у 1946 годзе вёсках, зарэгістравалі таксама магілы і помнікі бязвінных ахвяраў. У планах аўтараў праекту: усталяванне крыжоў з надпісамі на беларускай мове, а таксама выданне кнігі дакументаў і ўспамінаў таго часу.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя