Праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх затрыманых абаронцаў Курапатаў



Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі вызваліць усіх затрыманых 4 красавіка абаронцаў Курапатаў. Тэкст заявы апублікаваны на праваабарончым сайце spring96.org.

Дакумент падпісалі прадстаўнікі Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільня), ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”, рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Прававая ініцыятыва”.

Праваабаронцы адзначылі, што раніцай 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты „дэмантавалі і вывезлі мемарыяльныя крыжы, устаноўленыя ў мінулым годзе грамадскімі актывістамі”, прытым да гэтага часу невядома, „хто прыняў рашэнне аб дэмантажы крыжоў, куды іх вывезлі і што з імі будзе далей”. Акрамя таго, было затрымана 15 абаронцаў Курапатаў.

„Курапаты з’яўляюцца найбольш вядомым месцам масавых расстрэлаў, якія ажыццяўляў НКУС на тэрыторыі Менска, — гаворыцца ў заяве. — На працягу 30 гадоў людзі стваралі народны мемарыял у месцы нацыянальнай катастрофы. У Курапатах неаднаразова здараліся акты вандалізму, але вандалы ніколі не былі знойдзеныя і прыцягнутыя да адказнасці. Наступствы вандалізму ліквідуюць самі людзі. Дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў па ахове Курапатаў. Сённяшні знос крыжоў мы расцэньваем як акт вандалізму з боку органаў улады. Гэта акт знішчэння народнай памяці”.

Акрамя вызвалення актывістаў праваабаронцы патрабуюць неадкладна спыніць дэмантаж крыжоў і вярнуць ужо вырытыя крыжы на месца; растлумачыць, хто і з якой мэтай дэмантаваў крыжы; надалей загадзя абмяркоўваць і ўзгадняць з грамадскасцю планаваныя працы ва ўрочышчы; забяспечыць належную ахову мемарыяла для прадухілення новых актаў вандалізму.

Раніцай у Курапатах з дапамогай спецтэхнікі было дэмантавана 70 драўляных крыжоў, устаноўленых у мінулым годзе грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам.

Паводле дадзеных УУС Менаблвыканкама, затрымана 15 чалавек, у тым ліку Дашкевіч. У групе інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Менаблвыканкама БелаПАН паведамілі, што затрыманыя дастаўлены ва УУС Менскага раёна „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”. Пазней стала вядома, што Дашкевіч, Павел Севярынец і Валянціна Яроменак знаходзяцца ў ІЧУ Менскага раёна.

Міністэрства лясной гаспадаркі размясціла на сваім сайце каментарый пра сітуацыю ў Курапатах, у якім паведаміла, што на тэрыторыі ДСЛГУ „Бараўлянскі спецлясгас” праводзяцца планавыя работы па добраўпарадкаванні ляснога фонду. „У рамках навядзення парадку спецыялістамі ўстановы праводзіцца мантаж агароджаў, выдаленне асобных збудаванняў”, — гаворыцца ў рэлізе.

Гэтыя работы, адзначаюць у міністэрстве, праводзяцца ў тым ліку ў Курапатах, тэрыторыя якіх з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і землямі дзяржаўнага ляснога фонду. Мінлясгас звяртае ўвагу на тое, што „спецыялістамі лясгаса ажыццяўляецца знос выключна тых аб’ектаў, якія былі ўстаноўленыя без якой-небудзь дазвольнай дакументацыі, г.зн. з’яўляюцца незаконна ўстаноўленымі”.

belapan.by

Фота kp.by