Затрыманы сын Майсея Мазько



Уначы быў затрыманы сын Майсея Мазько – Дзяніс. Пра гэта ад раніцы паведамляюць прадстаўнікі ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Пра акалічнасці справы апавядае праваабаронца Раман Кісляк:

– Учора ўвечары ў Дзяніса Мазько на зямельным участку адбыўся ператрус у прысутнасці супрацоўнікаў АМОН, міліцэйскай сабакі. Нічога не было знойдзена, нічога забароненага не канфіскоўвалася. Пасля гэтага яго запрасілі ў Следчы камітэт, які месціцца ў Маскоўскім РАУС горада Берасця. Там ён быў да 1.30 ночы. І пасля гэтага стала вядома, што яго затрымалі па той самай справе, якая ўзбуджаная ў адносінах да Майсея Мазько. Затрымалі на 72-е гадзіны.

Майсей Мазько – сябра ініцыятыўнай групы праціўнікаў АКБ, у аўто якога 2 красавіка знайшлі рэчы, падобныя на боепрыпасы, ужо ноччу наступнага дня таксама быў змешчаны ў ізалятар. Сам Майсей, сябры, сям’я, паплечнікі і праваабаронцы заяўляюць, што знойдзеныя рэчы не яго і былі падкінуты. Саму ж сітуацыю ўважаюць за правакацыю.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце