Змітра Лупача з Глыбокага будуць судзіць за сцяг



Змітра Лупача з Глыбокага будуць судзіць за адзначэнне Дня Волі. Старшы лейтэнант міліцыі Глыбоцкага РАУС Віктар Гірын 4 красавіка склаў на яго адміністрацыйны патакол і вінаваціць у парушэнні артыкула 23. 34 КаАП (несанкцыянаванае пікітаванне). Гэты артыкул прадугледжвае папярэджанне, штраф ці адміністрацыйны арышт.

Па-сутнасці, Змітра будуць судзіць за тое, што на Дзень Волі ён узняў бел-чырвона-белы сцяг. Сведкамі па гэтай справе з’яўляюцца міліцыянты Сяргей Цырбан і Аляксей Юргель, якія сачылі на Дзень Волі за грамадскімі актывістамі Глыбокага і здымалі іх на відэакамеру.

Як кажа Зміцер Лупач, ён не лічыць сябе вінаватым і не бачыць тут ніякага парушэння:

– Я наадварот бачу парушэнне ў тым, што ў нас на дзяржаўныя святы: на 9 траўня, на 3 ліпеня ходзяць з савецкімі сцягамі. Калі мы святкуем незалежнасць, а незалежнасць менавіта ад СССР, то гэта сімволіка павінна быць забаронена, як у Еўропе забаронена нацысцкая. Гэта дзве таталітарныя сістэмы – камуністычная і нацысцкая. Чамусьці нацысцкая сімволіка ў нас забаронена, а камуністычная не.

Некалькі дзён таму на Змітра Лупача склалі адміністрацыйны пратакол і ў Шаркаўшчынскім РАУС. Старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Курэц абвінаваціў яго ў тым, што ён 27 лютага ўзяў інтэрв’ю ў двух шаркаўшчан, якое потым было размешчана ў сетцы інтэрнэт на тэлевізійным тэлеканале «Белсат». Шаркаўшчынская міліцыя лічыць, што такім чынам ён парушыў артыкул 36 Закона аб СМІ і прыцягвае яго да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП.

Суды над ім адбудуцца: у Глыбокім – 11 красавіка, у Шаркаўшчыне – 15 красавіка.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя