Сапраўды, якая розніца?



Не паспела грамадскасць адысці ад акта вандалізму ў Курапатах, як на Нацыянальным прававым партале з’явілася навіна пра перайменаванне вуліцы Адама Міцкевіча ў Рэчыцы ў вуліцу імя камуністычнага ката, ураджэнца Украіны, Яўгена Міцкевіча. Сапраўды, якая розніца? Імя памянялі, з Адама на Яўгена, жыхары нават і не заўважаць…

Журналісты Радыё “Свабода” скантактаваліся з ініцыятарамі перайменавання з Рэчыцкага Райсавета дэпутатаў. Там ім патлумачылі, што, аказваецца, ніякага перайменавання не было. У 1959 годзе была здзейсненая “тэхнічная памылка”. Маўляў, хацелі ўшанаваць чэкіста, але з цягам часу ўсе сталі асацыяваць яго з паэтам. І цяпер яны нібыта аднавілі гістарычную справядлівасць.

З таго, што ёсць на Я. Міцкевіча ў Інтэрнэце: змагаўся з „бандытызмам” у Беларусі ў 1918-1920 гг., пазней быў савецкім разведчыкам у Заходняй Еўропе і Кітаі. Атрымаў званне „Ганаровы чэкіст”. У біяграфіі некаторых ягоных паплечнікаў (расеец Канстанцін Кукін, напрыклад) падаецца інфармацыя, што Я. Міцкевіч удзельнічаў у зачыстках партызанскіх злучэнняў „зялёных”.

На сёння гісторыкі маюць шэраг доказаў пра тое, што „зялёныя” ў Беларусі мелі сувязь з органамі ўлады БНР. У брашуры беларускага пісьменніка-эмігранта Юркі Віцьбіча “Антыбальшавіцкія паўстанні ў Беларусі” падаецца інфармацыя пра тое, што ўсе партызанскія злучэннні “на тэрыторыі БССР і за мяжой былі аб’яднаныя Савінкаўскім “Саюзам Абароны Радзімы і Свабоды”, з якім у цесным кантакце працавалі Ст. Булак-Булаховіч і “Беларускі Палітычны Камітэт”.  Гісторык Ніна Стужынская падкрэслівае надзвычай важную ролю ў вайсковым напрамку дзейнасці БНР менавіта арганізацыі “Зялёны Дуб”. Кіраваў гэтым фармаваннем атаман Дзяргач (сапраўднае імя Вячаслаў Адамовіч), частка біяграфіі якога звязаная з Мазыршчынай і Палессем. “Зялёныя” абапіраліся ў сваіх дзеяннях на незадаволеных бальшавіцкім рэжымам сялянаў. Інакш кажучы, камплектаваліся партызанскія атрады за кошт мясцовых беларусаў, якія выступалі супраць бязбожнай, незаконнай і чужой улады. То бок, Я. Міцкевіч арганізаваў змаганне супраць нацыянальнай беларускай партызанкі, якая выступала супраць нелегітымных бальшавікоў. Каго ж ушаноўваюць так званыя рэчыцкія дэпутаты? Забойцу беларусаў, які гвалтам, з маўзерам у руцэ, усталёўваў акупацыйную ўладу?

У той жа час, пасля кастрычніцкага перавароту 1917 году, Яўген Міцкевіч і ягоныя аднапартыйцы разгарнулі на тэрыторыі Рэчыцкага павета змаганне з аддзеламі польскага генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Гэты польскі вайсковы дзеяч спачатку служыў у царскай арміі, але адмовіўся падпарадкоўвацца бальшавікам, аб’явіўшы ім вайну. У выніку ягоных дзеянняў на некалькі месяцаў была створаная польская рэспубліка са сталіцай у Бабруйску. З улікам таго, што сярод легіянераў Доўбар-Мусніцкага было мноства мясцовых прадстаўнікоў шляхты, то і гэтыя дзеянні Яўгена Міцкевіча таксама можна ахарактарызаваць як злачынствы супраць карэннага насельніцтва Беларусі каталіцкага веравызнання. Адметна, што польскія СМІ ўжо заўважылі гэтую, здавалася б, лакальную беларускую праблему. А сёй-той з польскіх публіцыстаў акцэнтаваў увагу на тым, што бальшавік Яўген Міцкевіч кар’еру зрабіў менавіта на барацьбе з “доўбарчыкамі”, а потым нават удзельнічаў у якасці камандзіра палка ў правальным паходзе Чырвонай арміі на Варшаву ў 1920 годзе.

А калі глядзець на сітуацыю з перайменаваннем вуліцы Адама Міцкевіча ў Рэчыцы ў кантэксце нядаўніх падзей (знос крыжоў у Курапатах, адмова ад перайменавання плошчы Леніна ў Слоніме, забарона на ўсталяванне шыльды ў гонар БНР у Менску, адмова ад ушанавання Палуты Бадуновай і Станіслава Шабунеўскага ў Гомелі), то складваецца ўражанне, што ўлады вырашылі заняцца канструяваннем новай беларускай ідэнтычнасці. Прычым такой, якая не будзе ў сабе мець нязручных для Крамля момантаў (ВкЛ, Рэч Паспалітая, каталіцызм, беларускі нацыянальны рух, БНР і гд).  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ