У Курапатах затрыманая актывістка Вольга Нікалайчык



Каля 50 чалавек сабраліся вечарам 5 красавіка на супольную малітву на цэнтральным узгорку ўрочышча Курапаты — т.зв. Галгофе. Некалькі чалавек накінулі на плечы бел-чырвона-белыя сцягі і паднялі на дрэўцы яшчэ адзін сцяг.

За тым, што адбываецца, з розных пунктаў назіралі сілавікі ў цывільным, некаторыя вялі відэаздымку.

На малітву прыйшлі людзі розных веравызнанняў. Прадбачачы гэта, некаторыя раздрукавалі і прынеслі з сабой урыўкі з кнігі псалмоў ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Рукапіс гэтага перакладу Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову быў выдадзены мінскай пратэстанцкай царквой „Ян Прадвеснік”.

Удзельнікі малітвы па чарзе зачыталі каля дзясятка псалмоў. Акрамя таго, у вольнай форме яны звярталіся да Бога з малітвамі аб абароне Беларусі, прабачэнні і многім іншым. Праз 30 хвілін усё скончылася агульнахрысціянскай малітвай „Ойча наш” і выкананнем духоўнага гімна „Магутны Божа”.

Было абвешчана, што такая малітва будзе праводзіцца кожны вечар. Акрамя таго, абаронца Курапатаў Ганна Шапуцька паведаміла, што па нядзелях ва ўрочышчы будзе праводзіцца агульнанацыянальная малітва.

На выхадзе з Курапатаў двое сілавікоў затрымалі апазіцыйную актывістку Вольгу Нікалайчык.

4 красавіка ў Курапатах пад Мінскам, на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, па рашэнні ўлад было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, устаноўленых у мінулым годзе грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам. Паводле інфармацыі міліцыі, падчас зносу крыжоў былі затрыманыя 15 чалавек „для высвятлення асобы і правядзення праверкі”, у тым ліку Дашкевіч і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Увечары пасля складання пратаколаў іх адпусцілі.

Раніцай 5 красавіка ва ўрочышчы былі затрыманыя Севярынец і актывістка Ніна Багінская.

belapan.by