Габрэйскі пагром у Беластоку у 1906 годзе: першае даследаванне



Габрэйскі пагром у Беластоку 1906 года мала даследаваны. Галоўная прычына палягае ў тым, што гэтую трагедыю, у выніку якой загінулі 89 чалавек, з якіх дзевяць хрысціян, доўгі час замоўчвалі, у тым ліку ў габрэйскім асяроддзі.

Толькі цяпер пабачыла свет першая кніга, прысвечаная даследаванню тых падзей пад назвай “Антыгабрэйскі гвалт і сацыяльныя канцэпцыі. Беластоцкі пагром 1906”. Кажа яе аўтар, гісторык, супрацоўнік музея гісторыі польскіх габрэяў POLIN і варшаўскага ўніверсітэта, доктар навук Артур Маркоўскі:

Гэта акадэмічная кніга, разлічаная найперш на навуковае асяроддзе. Яна стала вынікам маёй навуковай працы на доктарскую ступень. Але я спадзяюся, што яна таксама зацікавіць тых беластачан, якім неабыякавая габрэйская гісторыя, гісторыя польска-габрэйскіх стасункаў.

Пагром 1906 года адбыўся на фоне напружання ў Беластоку паміж габрэямі і не габрэямі. Напрыклад, на ткацкіх фабрыках габрэяў дапускалі толькі да ручных кроснаў, але не да механічных. Габрэйская супольнасць хацела большага.

Пагром 1906 года працягваўся некалькі дзён 14-16 чэрвеня. На той час у Беластоку пражывала 62 тысячы чалавек, з якіх 66 працэнтаў габрэяў, 18 працэнтаў палякаў, 10 працэнтаў рускіх, беларусаў ды ўкраінцаў (якіх агульна называлі праваслаўнымі), 6 працэнтаў немцаў (гэта дадзеныя перапісу з 1897 года).

Артур Маркоўскі:

Плёткі пра пагром некалькі дзён хадзілі па Беластоку. Частка багатых габрэяў выязджае з горада. Затое прыязджаюць маладыя габрэі, каб дапамагаць сваім калегам у арганізацыі самаабароны. Пагром – гэта не падзея, падчас якой габрэі сядзяць або стаяць ці ляжаць, а іх забіваюць або яны ўцякаюць. Пагром – гэта ўзаемадзеянне паміж габрэямі і не габрэямі.

Пачатак падзей прыпадае на 14 чэрвеня 1906 года, калі па горадзе праходзіць дзве рэлігійныя працэсіі: каталіцкая на свята Божага цела (першая, якую царскія ўлады дазволілі за апошнія 65 гадоў) і праваслаўная ў гонар чарговай гадавіны скасавання ўніі. У раёне вуліцы Варшаўскай у бок праваслаўнай працэсіі чуюцца стрэлы, была кінутая бомба, загінулі некалькі чалавек. Пазней у раёне вуліцы Ліпавай былі кінутыя бомбы ў напрамку каталіцкай працэсіі. Пасля гэтага хрысціяне пачалі граміць крамы і нападаць на габрэяў.

Гэта стала пачаткам трагедыі. На працягу першага і паловы другога дня ў пагроме ўдзельнічаюць толькі цывільныя, пазней далучаюцца царскія войскі, якія размяшчаліся ў Беластоку. Хоць тыя і дзейнічалі павольна. Адметна, што ў габрэйскі квартал Ханайкі яны так і не ўвайшлі, бо там была вельмі моцнай самаабарона. Другую палову пагрому Артур Маркоўскі называе фактычна пацыфікацыяй.

Прафесар Адам Чэслаў Даброньскі:

На маю думку, вызначальным фактарам у падзеях пагрому адыграла ўсё ж рэвалюцыя 1905 года. Рэвалюцыя была пракляццем для Беластока.

Даследчык габрэйскай гісторыі, фатограф, аўтар шэрагу кніг, Тамаш Вісьнеўскі:

Надалей пра гэты пагром не ведаем вельмі шмат. Тое, што адбылося ў 1906 годзе ў Беластоку, нам усім больш-менш вядома агульна. Аднак Артур знайшоў унікальныя факты, якія паказваюць вельмі складаны пачатак гэтага пагрому, паводле яго даследавання пагром у пэўным сэнсе справакавалі самі маладыя габрэйскія анархісты. Пазней гэтыя падзеі выйшлі з-пад іх кантролю і пераўтварыліся ў пэўным сэнсе ва ўрадавы пагром.

Да гэтага галоўнай версіяй прычынай пагрому 1906 года была правакацыя расейскіх уладаў.

Пра беластоцкі пагром напісалі ва ўсім свеце, але пазней гэтая трагедыя замоўчвалася. Не ўзгадвалі пра гэта адкрыта ў самім габрэйскім асяроддзі. Артур Маркоўскі мяркуе, што прычына палягае ў тым, што пасля пагрому габрэі засталіся жыць у Беластоку і павінны былі наладжваць стасункі з іншымі суседзямі, а таму не хацелі абвастраць сітуацыю.

Вядучая прэзентацыі, даследчыца тэмы бежанства, Анэта Прымака-Онішк:

Гэта вельмі-вельмі важная кніга. Яна дапамагае глянуць крытычна на тое, што мы ўжо ведаем. Яна вельмі важная цяпер у кантэксце шматкультурнасці нашага Падляшша.

Сёння пра габрэйскі пагром у Беластоку ў 1906 годзе нагадвае толькі вялікі абеліск на габрэйскіх могілках на вуліцы Усходняй.

Прэзентацыя кнігі прайшла ў беластоцкай мастацкай галерэі Сляндзінскіх, у якой у хуткім часе выданне будзе даступнае для набыцця.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара, фота абеліска на могілках Grzegorz Kossakowski