Сляды трагедый



Беларускія гарады захоўваюць памяць і сляды трагедый.

Менск. Уручча. Вуліца Гарадзецкая недалёка ад скрыжавання з Ложынскай.

Уздоўж Гарадзецкай насупраць комлекса Вівальдзі роўны шэраг дрэўцаў – ліпкі – сярэдняга веку. Паміж усімі роўныя адлегласці – а паміж двума – проста прарыў большы ў два разы.

Чаму? Распавяду.

Напачатку 2000-ых дзяўчынка з дому па вуліцы Ложынскай 19 убачыла маму, якая ідзе з прапынку „Шафарнянская” на скрыжаванні, вяртаецца з працы, пабегла праз вуліцу. А там ехала машына – яе ўзяў непаўнагадовы хлопчык у бацькоў, ён не змог спыніць машыну.

Дзяўчынка загінула.

Жыхары дома Ложынская 19, дзе усім нядаўна жыла дзяўчынка, некалькі дзён назіралі, як рабілі следчы эксперымент- праз дарогу пускалі бегчы маленькую дзяўчынку ў жоўтай куртцы.

Да маці загінулай дзяўчынкі кожны вечар прыязджала хуткая – рабілі ўколы. На адну з ліпак, на месцы, дзе загінула дзяўчынка яе бацькі пачалі замацоўваць кветкі.

Праз нейкі час да іх прыйшлі бацькі хлопца, які збіў дзяўчынку, і папрасілі прыбраць кветкі, бо іх гэта раздражняе, бо яны кожны дзень на працу едуць гэтай дарогай. І не хочуць згадак пра трагедыю.

Бацькі дзяўчынкі не пагадзіліся.

Некалькі разоў бацькі таго хлопца здымалі кветкі з дрэва, а пасля спілавалі ўначы гарадскую ліпу.

Цяпер там – не хапае дрэва.

І хаця часу мінула не шмат, але жыхары новых дамоў наўрад ці ведаюць – чаму не хапае аднаго дрэва ў шэрагу ліпак.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ