Міліцыя спыніла справу супраць рагачоўца за каментар у інтэрнэце
Рагачоўскі аддзел унутраных спраў спыніў адміністрацыйную справу за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Аляксейкава.
Сяргей Аляксейкаў
У верасні 2018 года ён пакінуў каментар у групе „За Еўрапейскую Беларусь” у „Фэйсбуку”. Пад артыкулам з назвай „Спецназавец са Слуцка да смерці збіў двухгадовую дачку” Сяргей Аляксейкаў пакінуў каментар, у якім назваў спецназаўца „шуняўскім тэатралам”. У лютым Рагачоўская міліцыя пачала ў дачыненні да Аляксейкава адміністрацыйны працэс, палічыўшы яго каментар „распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў” (артыкул 17.11 КоАП).
Жыхар Рагачова звярнуўся па юрыдычную дапамогу да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
Суд Рагачоўскага раёна пачаў разгляд адміністрацыйнай справы і адправіў міліцэйскі пратакол на дапрацоўку. Міліцыя яго „дапрацавала” і вынесла пастанову аб спыненні справы ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці.
„Сяргей Аляксейкаў для сваёй абароны ў судзе наняў адваката. Абаронца на пасяджэнні паставіў пытанне: правапарушэнне датуецца вераснем мінулага года, было яно разавае або яно доўжыцца, і калі яно скончылася? Суд накіраваў пратакол у міліцыю на дапрацоўку, і органам нічога не заставалася, як спыніць справу з прычыны пропуску двухмесячнага тэрміну для прыцягнення да адказнасці”, — пракаментаваў Леанід Судаленка.
Зараз, паводле слоў праваабаронцы, Сяргей Аляксейкаў мае права спагнаць з міліцыі кампенсацыю паслуг, звязаных з юрыдычнай дапамогай, — а гэта 250 рублёў.
„Мы абавязкова будзем спаганяць грашовую шкоду, каб Рагачоўскім аніскіным не было панадна. Яны ці непрафесійна, ці наіўна разлічвалі, што суд праглыне пропуск тэрмінаў прыцягнення да адказнасці. Але гэтага не адбылося”, — адзначыў праваабаронца.
Ён таксама распавёў, што ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разглядаецца адміністрацыйная справа ў дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. Міліцыя абвінаваціла яго ў „распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Гаворка ідзе пра рэпост запісу ў сацыяльнай сетцы. 2 красавіка суддзя Сяргей Кармановіч адправіў на дапрацоўку ў міліцыю адміністрацыйны пратакол.