Батлейка з дэбютам у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні



Прадстаўленне ўнікальнай батлейкі з аграсядзібы Госціна адбылося ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

Пра адметнасць гэтай батлейкі кажа мастачка і дызайнерка Алена Ткачова:

– Дзякуй Богу, на Беларусі пра батлейку ўжо ведаюць усе. І вельмі шмат прыгожых батлеек, самабытных і копіі з сялянскіх батлеек. Нарэшце можна сказаць, што культура батлейкі ў нашай краіне адрадзілася. Яна жывая і вельмі цікавая. Мы паспрабавалі зрабіць батлейку, якой яна магла быць у горадзе, калі б не былі перарваныя традыцыі.

На думку Сяргея Чарняка, удзельніка батлейкі, дэбют у Гародні вельмі спадабаўся жыхарам горада:

– Мы вельмі радыя пабываць у нашай любімай Гародні. Дзякуем за запрашэнне. Гэта наша першае падарожжа з батлейкай. Мы купаліся ў апладысментах. Так цёпла нас сустрэлі. Казалі, што ў нас атрымалася. Сяргея Кавалёва п’еса надзвычай цікавая. Мы самыя атрымалі асалоду, пазнаёміўшыся з ёю. Бо шмат вельмі смешных месцаў, яркія ролі. Я іграў чарнакніжніка, які ператвараўся ў ваўка.

Паглядзець батлейку ў Цэнтр гарадскога жыцця Гародні прыйшло шмат гарадзенцаў з дзецьмі, а апроч самога прадстаўлення можна было паслухаць беларускія народныя песьні.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня