Мікалай Аўтуховіч: Усё павінна быць па законе



Мікалай Аўтуховіч абскардзіў пракурору адмову ў выездзе на медычнае абследванне. Былы палітычны вязень, у дачыненні да якога дзейнічаюць жорсткія абмежаванні ў сувязі з прэвентыўным наглядам, лічыць, што супрацоўнікі Ваўкавыскага РАУС парушылі яго правы, калі забаранілі выехаць у Менск на абследванне ў недзяржаўным медычным цэнтры, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна“.

Мікалай Аўтуховіч для нашага радыё адзначыў, што дзеянні міліцыянта для яго незразумелыя:

– Прыходзіш і кажаш: мне патрэбна ехаць на абследванне. Паказаў усе паперы – і цябе павінны выпасціць. А шукаць нейкія прычыны, каб выпусціць, матывы, каб цябе тут затрымаць, – не ведаю, навошта яму гэта было патрэбна. Напісаў, я ўзяў маршрутны ліст, прыехаў у Менск, і твае праблемы, як ваўкавыскага міліцыянта, яны адпалі. Тут ўжо мной будзе займацца тыя, куды я стану на ўлік у Менску. Навошта яму там хвалявацца.

Былы палітычны вязень лічыць, што такая забарона з’яўляецца неабгрунтаванай і парушае яго правы, прадугледжаныя заканадаўствам, таму і напісаў скаргу. У выніку Мікалаю Аўтуховічу атрымалася выехаць у Менск, але на падставе дазволу на часовае там пражыванне.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя