Hrodna.life будзе рабіць відэагутаркі



Гарадзенскі навінны сайт Hrodna.life распачынае відэагутаркі і жартаўлівы “Магазін на канапе”. Пра праект распавядае рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

– Вырашылі развіваць відэафармат. Крышку дааснасціліся тэхнікай і падпісалі сумесны праект з ЗОВ мэбляй. Атрымалі ад іх з новай калекцыі стол і крэслы. У такой імправізаванай студыі будзем рабіць сур’ёзныя размовы на тэмы бізнесу, але пасля таго, як гэты праект скончыцца, будзем далей рабіць відэаразмовы. І пасля запісу першай такой размовы вырашылі пасцябацца і зрабіць паўсур’ёзны – паўжартоўны ролік,  і ён атрымаўся даволі якасны.

На думку Аляксея Шоты, такія праекты – гэта новы маркетынгавы ход для Hrodna.life:

– Відэа людзі любяць глядзець. Гэта такі лёгкі фармат пагутарыць з аўдыторыяй. Стаць бліжэй да аўдыторыі. І нагадаць, што ў нас ёсць крыху мерча, якога можна набыць і падтрымаць нас такім чынам. 

“Магазін на канапе”ад  Hrodna.life  адразу зацікавіў гарадзенцаў і на фэйсбуку сабраў вялікую колькасць лайкаў і каментаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня