Віцебскія “Маці 328” садзілі дрэвы разам са школьнікамі
Удзельнікі руху, чые дзеці асуджаны да вялікіх тэрмінаў зняволення паводле крымінальнага артыкула №328 “Незаконны абарот наркатычных рэчываў”, вырашылі на ўласным прыкладзе паказаць альтэрнатыву марнаванню свайго часу і здароўя. Яны далучыліся да акцыі “Пасадзі дрэва”, якую праводзіць школа №24.
Прадстаўніца руху “Маці 328” Наталля Шарыпа ўпершыню далучылася да азелянення роднага горада.
– Мне вельмі спадабалася ініцыятыва. Я ніколі не садзіла дрэвы, каб яны засталіся вось тут на ўсё жыццё! Мяне гэта кранае да глыбіні душы! А яшчэ лепей, што гэта робіць школа, што далучыліся дзеці з гэтай школы. І мы паказваем дзецям, што ў жыцці ёсць шмат іншых захапленняў і жыццё куды прыгажэйшае без наркотыкаў.
Удзел у пасадцы дрэваў узяла і ўдзельніца руху “Маці 328” Вікторыя Пёрышкіна, якую вучні школы №24 ведаюць у якасці лектара. Яна ладзіць сустрэчы са школьнікамі, каб папярэдзіць іх пра небяспеку не толькі ўжывання, але і распаўсюду наркотыкаў.
– Мы пытаемся, хто такі наркаман. І дзеці адказваюць, што гэта чалавек, які ўжывае наркотыкі – абавязкова ці нюхае, ці колецца. І што гэта ўсё – будучыні ў такога чалавека няма. Тады мы прапануем паглядзець артыкул 328 – як можна, не ўжываючы наркотыкаў, трапіць пад гэты артыкул. І калі дзецям тлумачыш гэтую розніцу, у іх з’яўляецца шмат пытанняў, і тады яны ідуць на кантакт. Яны ўжо тады ўсё разумеюць, усведамляюць і самі хочуць распаўсюджваць гэтую інфармацыю.
Гутаркі пра пагрозу крымінальнай адказнасці за распаўсюд наркотыкаў у Віцебску вельмі актуальныя. Тут перыядычна з’яўляюцца графіці з кантактамі інтэрнэт-крамаў, дзе прапануюць набыць наркатычныя рэчывы або далучыцца да сеткі распаўсюднікаў. Штотыдзень удзельнікі руху “Маці 328” збіраюцца ў розных раёнах горада і зафарбоўваюць “наркаграфіці”.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтаркі