Чхаць яны хацелі



Вы памятаеце хоць адно патрабаванне беларусаў, якое задаволіла ўлада? Не тых ананімных ветэранаў, якія перыядычна патрабуюць ці тое адмяніць канцэрт, ці тое закрыць незалежную газету. Прычым невядома, ці ёсць гэтыя ветэраны насамрэч. А вось сапраўдныя патрабаванні народу. Напрыклад, калі патрабавалі адмяніць дэкрэт аб дармаедах. Не кажучы ўжо пра тое, калі выходзілі пратэставаць супраць вынікаў выбараў. Вынікі ніхто ніколі не скасоўваў. Дэкрэт таксама не адмянілі. Затое дасталася тым, хто патрабаваў.

Вось жыхары горада Берасця больш за год выходзяць пратэставаць супраць пабудовы акумулятарнага завода. І ёсць чаму выходзіць. Акумулятарны завод будуюць пад носам звычайных жыхароў, якія не хочуць мець праблемы са здароўем. І што на гэта адказалі беларускія ўлады? Акумулятарнаму заводу быць. Прычым ужо ў траўні. І чхаць яны хацелі на ўсіх з высокай званіцы. Ці, напрыклад, пад Менскам жыхары пераўтварылі былое бульбяное поле ў футбольную пляцоўку: самі там газон пасадзілі, стрыглі яго. Аднак лясгас ініцыятыву не падтрымаў, усё пусціў пад коўш трактара і пасадзіў там елкі. Маўляў, не паложана: бо зямля лясгаса і там мусяць быць елкі. Вось не было б там газону, то сажанцы хвойных і дагэтуль бы там не раслі. У Беларусі ўлады ўсё робяць так, як не трэба людзям.

Ці вось, напрыклад, сітуацыя ў Курапатах. Вось ведалі ж, якую рэакцыя выкліча будаўніцтва рэстарацыі ва ўрочышчы сталінскіх рэпрэсіяў. І ўсё роўна далі дазвол на будаўніцтва. Ведалі, якую негатыўную рэакцыю выкліча курапацкі пагром напярэдадні Вялікадня са знясеннем крыжоў. І ўсё роўна крыжы зруйнавалі. Ды яшчэ па завядзёнцы затрымалі тых, хто выказаўся супраць руйнавання.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ