Мікалая Статкевіча арыштавалі на 15 сутак, Максіма Вінярскага — на 13



Суд Цэнтральнага раёна Менска арыштаваў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча на 15 сутак, паведаміла БелаПАН яго жонка Марына Адамовіч. Суд над Статкевічам доўжыўся 5 хвілінаў. 

Статкевіча асудзілі па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за заклік да несанкцыянаванай акцыі. Палітык адмовіўся ўдзельнічаць у судзе, заявіўшы, што гэта быў малебен. Працэс вяла суддзя Вікторыя Шабуня.

Паводле слоў Адамовіч, Статкевіча вывезлі ў 5 гадзін раніцы з ізалятара часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна, а судовы працэс доўжыўся пяць хвілін. Яна адзначыла, што Статкевіч заклікаў вернікаў штотыдзень выходзіць у 12.00 да галоўных храмаў сваіх гарадоў, і звязвае затрыманне з падрыхтоўкай уладаў да прэзідэнцкіх выбараў.

Палітык быў затрыманы 7 красавіка на выхадзе са свайго дома. Ён накіроўваўся на ініцыяваны ім малебен ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды.

Таксама Адамовіч паведаміла, што суд Фрунзенскага раёна на 13 сутак арыштаваў актывіста Максіма Вінярскага па арт. 23.34 КаАП за заклік да несанкцыянаванай акцыі.

БелаПАН