Гародня: Гашэнне капэртаў да вызвалення Беларусі



На гарадзенскім паштамце адбываецца адмысловае гашэнне паштовых капэртаў.

Тэма гашэння – вызваленне Беларусі. Для аматараў паштовых марак і філатэлістаў было арганізавана сапраўднае свята.

Пра адметнасць свята распавядае кіраўнік аддзелу ідэалагчнай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандр Вярсоцкі:

– Трэба фармаваць перш за ўсё ў моладзі, у насельніцтва гонар і годнасць за той подзвіг, які быў здзейснены. Гэта мерапрыемства яшчэ адна магчымасць аддаць даніну павагі нашым ветэранам Вялікай айчыннай вайны, тым хто прайшоў праз суворыя гады ліхалецця.

На думку старшыні Гарадзенскага абласнога таварыства філатэлістаў Фрыдэрыка Гушчы гашэнне – у першую чаргу гэта памяць:

– Такія мерапрыемствы важныя тым, што гашэнне толькі адзін дзень. Заўтра яго ўжо не будзе. Пакласці ў экспанат, хто робіць, напрыклад, у мяне ёсць экспанат Другая сусветная вайна, як раз майму экспанату, памяць застанецца.

Свята было арганізавана ў савецкіх традыцыях – з музыкай з савецкіх фільмаў і школьнікамі ў вайсковай форме. Быў запрошаны ветэран вайны, а таксама выкананы гімн Беларусі. 

Само гашэнне можна зрабіць у Гародні цягам дня 9-га красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня