Украінскія журналісты выказалі салідарнасць з тэлеканалам „Белсат”
Украінскія журналісты выказалі салідарнасць з тэлеканалам „Белсат”, у офісе якога раніцай 9 красавіка прайшоў вобшук.
„Нацыянальны саюз журналістаў Украіны заяўляе пра сваю салідарнасць з тэлеканалам „Белсат” і ўсімі калегамі-журналістамі, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь і спрабуюць нават пад націскам аб’ектыўна і аператыўна інфармаваць грамадства пра важныя падзеі”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце ўкраінскага саюза журналістаў.
Праведзеныя вобшукі і дэманстрацыя сілы маюць адну мэту — запалохаць прэсу, заяўляюць украінскія журналісты. Яны таксама лічаць гэта „трывожным сімптомам”.
Таксама ў заяве адзначаецца, што „непаразуменні паміж уладай і СМІ павінны вырашацца цывілізаваным спосабам”.
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, вобшук у офісе „Белсата” праводзіўся ў межах крымінальнай справы, распачатай на падставе ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп) пракуратурай Менска, пра распаўсюджванне на сайце тэлеканала „выдумак паклёпніцкага характару”.
Карэспандэнт „Белсата” Алесь Залеўскі мяркуе, што вобшук можа быць звязаны з матэрыялам аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя, які ён рабіў летам мінулага года. Як паведаміў Залеўскі БелаПАН, у тэкставай версіі матэрыялу „Сілавікі хапаюць медыкаў — больш за 50 затрыманых” на сайце belsat.eu праз тэхнічную памылку была апублікаваная інфармацыя пра затрыманне старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Андрэя Шведа. Пазней тэлеканал размясціў абвяржэнне і выказаў Шведу прабачэнні. Аднак кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз звярнуўся ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу.
belapan.by