30-ці жыхарам Берасцейшчыны ў правядзенні рэферэндуму адмоўлена
Суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Андрэй Канючка не задаволіў скаргі берасцейцаў на рашэнне Берасцейскага райвыканкаму. Датычылася яна рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму і рэгістрацыі пытання, вынесенага на яго (будаўніцтва і запуск акумулятарнага завода).
Пра тое, на якіх падставах суд адмовіў у задавальненні скаргі берасцейцаў, распавядае праваабаронца Раман Кісляк:
– Што гэтае пытанне ўрэгуляванае заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, таму не можа выносіцца на рэферэндум. Не ў кампетэнцыі мясцовага савета дэпутатаў, і гэтая вытворчасць мае значэнне для ўсёй Рэспублікі Беларусь. Рашэнне суда будзе абскарджана ў апеляцыйным парадку. Далей будзем дабівацца, каб прызналі адмову незаконнай, неправамоцнай, якая парушае правы грамадзян.
„Мы цалкам лічым, што ўсё знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады і таму пытанні аб рэферэндуме могуць разглядацца на мясцовым узроўні”, – падсумаваў праваабаронца. Адным з заяўнікаў і ўдзельнікаў меркаванай ініцыятыўнай групы з’яўляецца Майсей Мазько. Яго нядаўна затрымлівалі па справе „аб выбухоўцы”, і якога неўзабаве пасля розгаласу ў СМІ вызвалілі з-пад варты. Праваабаронцы лічаць гэта правакацыяй, звязанай як з сітуацыяй вакол завода, так і з сітуацыяй вакол рэферэндуму.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота b-g.by