Рэзанансная заява Лукашэнкі



У інтэрв’ю найбуйнейшай турэцкай інфармацыйнай агенцыі “Анадалу” Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў вынікі першага тура ва Украіне. Гэтае выказванне ўкраінскія СМІ і эксперты расцанілі як адкрытую дэманстрацыю падтрымкі Пятра Парашэнкі. “Ніхто там нічога не выйграў. Пасля першага тура лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае… Я ўсё ж такі схільны думаць, што выбары выйграе Парашэнка”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. І далей працягнуў: “Аднаго я добра ведаю. Другога я бачыў толькі ў кіно… Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты не ўпэўнены… Апошнія гады вопыт украінскага народу – сведчанне таго, што нельга рызыкаваць”. Мэтавай групай для гэтага звароту, калі ўважліва прааналізаваць змест выказвання, з’яўляюцца яўна не турэцкія і не беларускія чытачы. Аляксандр Лукашэнка нібыта звяртаецца да ўкраінцаў, якія не вызначыліся канчаткова са сваім кандыдатам, прагаласаваць за таго, хто ім ужо вядомы, не рызыкаваць, абраць праверанага часам чалавека. То бок Пятра Парашэнку, які ў межах гэтай выбарчай кампаніі зрабіў акцэнты на даволі ваяўнічай рыторыцы (нагадаем, што палітычная рэклама Пятра Парашэнкі грунтуецца на трох акцэнтах: армія, мова, вера).

Самога Аляксандра Лукашэнку, улічваючы ягоную біяграфію і каштоўнасці, цяжка залічыць да прыхільніка дэмакратыі альбо ўкраінскага нацыяналізму. А калі дадаць сюды яўнае непрыманне кандыдатуры Пятра Парашэнкі з боку Крамля, то падтрымка беларускага прэзідэнта выглядае адназначна жаданнем пасадзейнічаць перамозе галоўнага раздражняльніка для Масквы. Чаму Аляксандр Лукашэнка пайшоў на такі крок?

У рашэнні падтрымаць жаданне Пятра Парашэнкі ісці на другі прэзідэнцкі тэрмін у Аляксандра Лукашэнкі могуць быць два матывы. Па-першае, чыста эканамічны разлік. Прывяду толькі некалькі лічбаў, якія пераканаўча паказваюць, што Украіна паступова пераўтвараецца ў аднаго з асноўных гандлёвых партнёраў, паслабляе крытычную залежнасць беларускай эканомікі ад РФ. За 2018 год агульны таваразварот склаў  5321,4 млн. дол. ЗША, у параўнанні з 2017 годам павялічыўся амаль на 800 млн. долараў альбо на 16,9 %. Імпарт беларускіх тавараў і паслуг ва Украіну за адзін год вырас на 18,3%. Сума прамых інвестыцый Беларусі ў эканоміку Украіны за 2018 год склала 32,2 млн. долараў. Дадзеныя лічбы яскрава давозяць, што беларускі рэжым вырашыў, з мэтаў бяспекі, перастаць складваць “яйкі ў адзін кошык”, абіраючы больш прадказальнага і пазбаўленага імперскіх амбіцый суседа.

Другая прычына, праз якую Аляксандр Лукашэнка выказаў падтрымку ўкраінскаму прэзідэнту Парашэнку, мае палітычную падаплёку. Афіцыйны Менск на гэтым этапе яўна не зацікаўлены ў тым, каб усе рэсурсы і магчымасці Крамля былі накіраваныя на тое, каб ажыццявіць поўны кантроль над Беларуссю. Адпаведна, пытанне выжывання беларускага рэжыму на гэтым этапе ў пэўнай ступені залежыць ад таго, наколькі Украіна здольная абараняцца і весці жорсткую барацьбу з РФ. У выпадку, калі да ўлады ў Кіеве прыйдзе каманда Уладзіміра Зяленскага, які неаднойчы выказваўся за неабходнасць вядзення перамоваў з Уладзімірам Пуціным, у Масквы могуць быць “развязаныя рукі”, каб цалкам пераключыцца на Менск. Такі сцэнар на фоне выбараў прэзідэнта ў Беларусі можа прывесці да вельмі непажаданых для кіруючай групоўкі наступстваў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ