Фэст экскурсаводаў 2019
Фэст экскурсаводаў 2019 адбудзецца 13-14 красавіка, аднак асобныя вандроўкі будуць праходзіць да і пасля асноўных дзён фэсту. Поўны спіс экскурсій глядзіце тут.
18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі гэта свята годна адзначаецца дзякуючы правядзенню ў красавіцкія дні Фэста экскурсаводаў, падчас якога можна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне.
Ідэя Фэста нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо 9 фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі. “Свята экскурсій” – такі водгук можна пачуць ад іх пры набліжэнні чарговага Фэста экскурсаводаў. Мы вельмі ўдзячны экскурсаводам, краязнаўцам, якія стала падтрымліваюць мерапрыемства і дзеляцца ўнікальнымі ведамі дзеля таго, каб запаліць у беларусах агеньчык любові да сваёй гісторыі і павагу да сведчанняў мінулага.
У чым ідэя Фэста экскурсаводаў?
Кожны дзень, ідучы на працу ці заняткі, мы абмінаем унікальныя помнікі культуры, архітэктуры, прыроды, але нават не здагадваемся пра гэта. Дзякуючы Фэсту экскурсаводаў з’яўляецца магчымасць па-іншаму зірнуць на штодзённыя рэчы і перамяніць сваё стаўленне да спадчыны.
Якія вандроўкі прапануе Фэст?
Экскурсаводы звернуць вашу ўвагу не толькі на велічныя замкі і манументальныя палацы, але і на дарагія сэрцу невялікія дамкі, заняпалыя сядзібы – усё, што стварае непаўторнасць роднага краю. У межах Фэста не рэдкасць – літаратурныя вандроўкі, храмавыя экскурсіі (па святынях розных канфесій), роварныя маршруты. Асобна з дапамогай спецыяльных аўдыё-тактыльных макетаў праходзяць у межах Фэста вандроўкі для людзей з парушэннямі зроку і слыху.
У чым сакрэт папулярнасці Фэста экскурсаводаў?
Сталіца Беларусі і рэгіянальныя гарады на некалькі дзён пагружаюцца ў своесаблівую, ні на што не падобную атмасферу гісторыі, таямніц і легенд. Часам экскурсіі суправаджаюцца анімацыйнымі праграмамі, якія дадаюць вандроўкам маляўнічасці і шарму.
Колькі каштуюць экскурсіі у межах Фэста?
Экскурсіі падчас Фестываля адбываюцца бясплатна. Такім чынам мы імкнемся стварыць агульнае свята і пракласці сваю дарогу да Спадчыны тым, хто, магчыма, упершыню сустрэўся з ёй. Але нам будзе прыемна, калі пасля Фэста вы захочаце замовіць тую ці іншую экскурсію ва ўпадабанага гіда на камерцыйнай аснове.
Дзе праводзіцца Фестываль?
Фэст экскурсаводаў найбольш маштабна адбываецца ў Менску. Але штогод да Фэста далучаюцца абласныя і раённыя цэнтры. Нават у аддаленых вёсачках розных раёнаў могуць адбывацца вандроўкі ў межах Фэста экскурсаводаў. Таксама адбываюцца шпацыры па замежных гарадах, якія звязаны з гісторыяй Беларусі (за гэты час адбыліся вандроўкі па Вільні, Маскве, Кракаве, Празе і інш.).
Як паўдзельнічаць у Фэсце?
Самае простае – выйсці на бліжэйшую экскурсію, якая будзе адбывацца ў вашым раёне. Арганізатары Фэста перакананы: найперш неабходна зведаць свой раён, адметнасці сваёй мясцовасці, уласныя помнікі. Аднак калі такой экскурсіі ў бліжэйшым да вас раёне няма, то можна далучацца да іншых.