Слонімцы незадаволены рамонтам будынка міліцыі



У 2011 годзе Слонімскі РАУС адзначыў наваселле – для яго быў пабудаваны вялікі будынак на Брэсцкай вуліцы. А нядаўна жыхары Слоніма даведаліся, што ў гэтым новым будынку ўжо запланаваны рамонт фасаду, на які плануецца выдаткаваць 27 000 беларускіх рублёў.

Слонімцы ад такой навіны атрымалі шок. Яны незадаволены тым, куды будуць накіраваны грошы. Жыхары Слоніма просяць пабудаваць на Савецкай вуліцы дзіцячую паліклініку, адрамантаваць інфекцыйнае аддзяленне Слонімскай бальніцы, пабудаваць для дактароў жыллё, бо медыцынскія спецыялісты доўга ў Слоніме не затрымліваюцца, найперш таму, што няма ў іх жылля. Менавіта з-за гэтага ў Слонімскай бальніцы сёння не хапае больш за 40 дактароў-спецыялістаў. Людзі просяць выдаткаваць грошы на рамонт вуліц і дарог, на рамонт бальніцы, на будаўніцтва ў горадзе добрага басейна, на адкрыццё дзіцячых кафэ, устаноў культуры і адпачынку для моладзі і г.д. Але чыноўнікаў найперш хвалююць міліцыя і суды, куды і ідуць вялікія грошы.

Беларускае Радыё Рацыя