Што вядома пра забудоўшчыка „Прыбужскага кварталу”



У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні Дзяніс Івашын прадставіў сваё журналісцкае расследаванне: Забудова расстрэльных двароў габрэйскага гета ў Берасці кампаніяй ТАА „Прыбужскі квартал”.

На сустрэчы журналіст распавёў пра тое, хто стаіць за гэтай кампаніяй, ці мае яна пратэкцыю ў вышэйшых эшалонах улады, ці належыць яна беларускаму капіталу.

На думку журналіста, забудову ў Берасці, якая вядзецца на месцы расстрэльных двароў габрэйскага гета, можна параўнаць з Курапатамі:

– У Курапатах ляжаць тысячы забітых НКВДэшнікамі людзей, таксама на тэрыторыі Берасцейскага гета ляжаць тысячы забітых гітлераўцамі – гэта ўсё жыхары нашай Беларусі. Вядома ж тут не мусіць быць ніякай розніцы, што Курапаты, што Берасцейскае гета. Мы мусім памятаць, мы мусім рабіць тое, што робіцца ў цывілізаваным грамадстве і не ператварацца ў чалавекападобных людзей з гаманцом у кішэні. 

Больш падрабязна пазнаёміцца з расследаваннем журналіста можна ў папяровай версіі выдання „Новы Час”, а таксама на інтернет-старонцы газеты.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня