Абаронцы Курапатаў заклікалі Лукашэнку вярнуць на месца крыжы



Абаронцы Курапатаў 10 красавіка перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца крыжы, якія былі дэмантаваныя 4—5 красавіка, і адкрыць архівы часоў сталінскіх рэпрэсій.

Ініцыятарам звароту на імя кіраўніка дзяржавы выступіла грамадская актывістка Ганна Шапуцька, каардынатар ініцыятывы „За ўратаванне мемарыяла „Курпаты”.

„Мы абураныя такімі адносінамі да Курапатаў і беларускага грамадства, — гаворыцца ў звароце да Лукашэнкі. — Вы адкрыта дазваляеце працу рэстарана „Паедзем паядзім” у ахоўнай зоне мемарыяла, за 50 метраў ад месца забойстваў тысяч і тысяч беларусаў. Рэстарана, дзе наведвальнікі побач з чалавечым магільнікам п’янствуюць, забаўляюцца, смажаць шашлыкі, адзначаюць карпаратыўныя святы і г.д. Вы дазволілі існаванне цалкам незаконнай пабудовы, у дачыненні да якой Генпракуратурай было вынесена прадстаўленне, якое так і не было выканана. Вам не кідаецца ў вочы дэманстратыўная рэклама рэстарана побач з чалавечым магільнікам, вам кінуліся ў вочы крыжы, светлыя крыжы нашай памяці, нашых пачуццяў”.

Аўтары звароту таксама заклікаюць Лукашэнку прыняць канцэпцыю народнага мемарыяла і стварыць грамадскую рабочую групу з удзелам людзей, якія шмат гадоў займаюцца тэмай Курапатаў.

Як паведаміла Шапуцька, зварот абаронцы Курапатаў перадалі ў грамадскую прыёмную Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле яе слоў, іх „прынялі, выслухалі і зарэгістравалі зварот”. Актывісты ў ходзе перадачы звароту, расказала Шапуцька, заявілі кіраўніку грамадскай прыёмнай, што „грамадства вельмі абуранае дзеяннямі ўладаў” у Курапатах і „гэта ніяк не спрыяе адзінству грамадства, прытым што ў сённяшніх умовах вельмі важна быць адзінымі”. Таксама актывісты выказалі надзею „на мірны дыялог”.

БелаПАН