Чарговая справа супраць Алеся Дзянісава



У Гародні працягваецца пераслед журналіста і музыкі гурта „Dzieciuki” Алеся Дзянісава.

На журналіста складзены чарговы пратакол за нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 22.9 частка 2. Пратакол, які склаў старэйшы лейтэнант Валерый Сарока, прыйшоў да журналіста са Шчучына. Алесь Дзянісаў лічыць гэта асабістым пераследам:

– У маім выпадку кожная справа можа быць асабістым пераследам, пры гэтым я не збіраюся выдзяляць сваю асобу і ставіць яе на нейкі пастамент. Проста так ужо атрымалася, што пайшла „заруба”. Няма куды адступаць, зразумела, што яны зараз будуць выкарыстоўваць розныя метады. Я ўжо нават баюся, каб не адмянілі канцэрт у Менску ці яшчэ што. Што датычыцца канкрэтна 22.9 я ўжо не памятаю, якая гэта справа ў мяне.

На думку журналіста, у гэтым годзе дзяржава будзе спаганяць са сваіх грамадзян для папаўнення бюджэта грошы любымі магчымымі сродкамі:

– Пастаўлена задача спагнаць з беларусаў здаецца 12,5 мільёнаў. Зразумела, што зараз не толькі з грамадскіх актывістаў, зараз будуць з усіх спрабаваць як мага больш „нарэзаць бабла”. Таму плюс да ўсяго гэтага, што звязана толькі з маёй сціплай асобай ці з грамадскімі актывістамі, я думаю, што ўсіх пачнуць зараз „стрыгчы” налева направа.

Ён чакае позвы ў суд, але пакуль невядома, дзе той адбудзецца – у Шчучыне ці ў Гародні.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня