Абраду „Ваджэнне Сулы” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці



Пастановай Міністэрства культуры Беларусі абраду „Ваджэнне Сулы” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Гэты абрад стаў 11-й нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Гомельскай вобласці, уключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.

„Ваджэнне Сулы” праводзяць на другі дзень праваслаўнага Вялікадня. У гэтым годзе абрад адбудзецца 29 красавіка. Гэта асаблівае праяўленне вясновай абраднасці, накіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці, здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і абарону ад прыроднай стыхіі — маланкі. Слова „Сула” ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. У Суле аб’ядноўваюцца дзве суседнія вёскі Гомельскага раёна — Гадзічава і Маркавічы — і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі — мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзействаў — жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя і па-мясцоваму адметныя самаробныя касцюмы.

Пасля Пасхальнай літургіі ў Свята-Екацярынінскай царкве ў вёсцы Гадзічава жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог каля храма і водзяць старажытныя мясцовыя карагоды — „танкі”. Узяўшыся пад рукі, радамі ідуць з песняй „Як ішла Сула”, а затым з прыпеўкамі пад гармонік рухаюцца ў бок вёскі Маркавічы ўздоўж старога Екацярынінскага шляху.

У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, „танкі” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца абрадавым спевам, гульнямі і прыпеўкамі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца жадаючыя. Завяршаецца абрадавае свята каля сельскага дома культуры сумесным пачастункам і гуляннем.

Штогадовае правядзенне „Ваджэння Сулы” у вёсках Гадзічава і Маркавічы было перапынена ў 1967 годзе мясцовай уладай і адноўлена праз 40 гадоў, у 2007 годзе, намаганнямі мясцовых энтузіястаў пры падтрымцы настаўнікаў і кіраўнікоў Маркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Паводле дадзеных прэс-службы Гомельскага аблвыканкама, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі цяпер уключана 5.445 матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ўсяго 125 — нематэрыяльных.

belapan.by

Фота GP.by