Васіль Герасімчык – лаўрэат Прэміі Багушэвіча (абноўлена)



Гарадзенскі гісторык і журналіст стаў лаўрэатам Прэміі Багушэвіча за кнігу „Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда”.

Прэмія для Васіля Герасімчыка – гэта знак пашаны і гонару.

Гэта вялікі гонар. Тым больш гэтай прэміяй у розныя гады былі ўганараваны такія вялікія людзі сённяшняй Беларусі, як Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Алесь Краўцэвіч, такія істотныя гісторыкі, як Святлана Марозава, Дзмітрый Матвейчык. Гэта вялікая павага да той працы, якая прыкладаецца ў імя ўшанавання памяці постаці Кастуся Каліноўскага. Менавіта ў гэтым плане я яе ўспрымаю і як падставу для далейшай працы.

Асноўнай працай для Васіля Герасімчыка з’яўляецца праца ў выдавецтве «ЮрсаПрынт», аднак ён не кідае сваёй навуковай працы, якая прысвечана асобе Кастуся Каліноўскага.

Прэмія Францішка Багушэвіча заснаваная ў 1994 годзе і традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Узнагарода прысуджаецца Радай Беларускага ПЭН-цэнтра.

Прэмія ўручаецца дзякуючы падтрымцы Святланы Алексіевіч.

Беларускае Радыё Рацыя