Леанід Судаленка: Чыноўнікі баяцца тых, хто ідзе да канца
Юрыст прафсаюза РЭП Леанід Судаленка распавёў, чаму ўлады лаяльна ставяцца да найбольш актыўных “дармаедаў”.
Гамяльчанка Марыя Тарасенка стала першай у Беларусі “дармаедкай”, якая падала ў суд на чыноўнікаў. Пра тое, што яе ўключылі ў спіс “не занятых у эканоміцы”, яна даведалася ў студзені гэтага году ад работнікаў ЖЭУ.
Жанчына лічыць, што яна штодзень купляе тавары, карыстаецца нейкімі паслугамі, і, суадносна, плаціць шэраг ускосных падаткаў. Такім чынам, у эканоміцы яна ўсё-такі занятая.
Не так даўно Марыя Тарасенка атрымала афіцыйны ліст з камісіі па каардынацыі работы ў спрыянні занятасці насельніцтва пры адміністрацыі Чыгуначнага раёнe Гомеля, у якім паведамляецца, што яна выключана са спіса людзей “не занятых у эканоміцы”.
Леанід Судаленка: Калі Марыю ўнеслі ў спіс “дармаедаў”, яна падала ў суд на чыноўнікаў з “дармаедскай” камісіі, каб абавязаць прызнаць іх дзеянні неправамоцнымі, а яе выключыць з “чорнага” спіса. Суд тады наогул адмовіўся разглядаць іск, бо гэта знаходзіцца не ў яго кампетэнцыі. Маўляў, паколькі ў Дэкрэце №3 не прапісана працэдура абскарджвання, то і ў Марыі Тарасенкі няма права нешта абскардзіць.
Але тут трэба разумець, што Канстытуцыя дае права абскарджваць любыя дзеянні службовых асобаў дзяржаўных органаў. І калі беларускі кіраўнік не прадугледзеў такога права ў дэкрэце, то ў такім выпадку трэба кіравацца Асноўным законам. Для суда прэзідэнцкі дэкрэт – гэта Біблія, якая не абмяркоўваецца. А мы кажам, што дэкрэт – гэта ніякая не Біблія, ён супярэчыць нормам Канстытуцыі.
РР: Зараз Марыя Тарсенка ўжо выключана са спіса “дармаедаў”…
Леаніл Судаленка: Марыя звярнулася ў суд з іскам аб кампенсацыі маральнай шкоды, і гэтым разам ён быў прыняты да разгляду. І ў той жа час яе выключаюць са спіса “не занятых у эканоміцы”. Такім чынам яны даюць зразумець жанчыне, каб яна спыніла сваё змаганне. Чыноўнікі баяцца тых, хто ідзе да канца.
Але мы будзем працягваць барацьбу, бо сёння справа не толькі ў Марыі Тарасенцы. Улада казала, што зараз у краіне налічваецца каля 500 тысяч “дармаедаў”. Затым прагучала лічба 425 тысяч. Дзе гэтыя людзі? Думаю, зараз рахункі за “дармаедства” выстаўляюць толькі ўласнікам жылля. Відаць, баяцца прад’яўляць прэтэнзіі абсалютна ўсім людзям, якія па тых ці іншых прычынах не працуюць. Баяцца напружваць абстаноўку, бо калі б жыроўкі з новымі тарыфамі атрымалі паўмільёна чалавек, якія маюць і не маюць жыллё ва ўласнасці, то, мяркую, народ падаў бы свой гучны голас. Але і ў гэтай сітуацыі трэба патрабаваць поўнай адмены дэкрэта.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя