Заява БНК з нагоды арышту лідараў і актывістаў апазіцыі за абарону Курапатаў



БНК выступіў з заявай з нагоды арышту лідараў і актывістаў апазіцыі за абарону Курапатаў.

„Напярэдадні малебну за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, які прайшоў у цэнтры Менска, каля галоўных хрысціянскіх святынь краіны 7 красавіка, спецслужбамі былі выкрадзеныя і кінутыя за краты лідары і актывісты беларускай апазіцыі.

9 красавіка на 15 сутак арыштавалі Мікалая Статкевіча. Лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу абвінавацілі ў закліку да малітвы. Яго спрабавалі асудзіць без сведак, прывезлі ў суд таемна ад сваякоў і журналістаў.

8 красавіка суд Менскага раёна прысудзіў да арышту на 15 сутак Паўла Севярынца. Палітыка абвінавацілі ў тым, што ён перашкаджаў знішчэнню крыжоў на месцы расстрэлаў у Курапатах.

Раней былі выкрадзеныя актывісты Максім Вінярскі, Вольга Нікалайчык і Ніна Багінская. Больш за трое сутак ніхто не мог атрымаць дакладнай інфармацыі пра іх месцазнаходжанне, даведацца дату і час суда. Вольгу Нікалайчык і Ніну Багінская прысудзілі да буйных штрафаў, а Максіма Вінярскага – да арышту на 13 сутак.

Лукашэнка, па загадзе якога былі знішчаныя каля ста крыжоў на месцы пахаванняў ахвяр рэпрэсій, ведае, што пра яго думаюць беларусы і адчувае, што губляе ўладу.

Але, адзначаецца ў заяве, „самы вялікі страх у яго выклікаюць маючыя адбыцца выбары і лідары, якія заявілі пра свой удзел у іх – Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец.

Арышт Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца – тэст для ўсіх прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Зможам абараніць нашых лідараў – зможам дамагчыся свабоды для сябе і для сваёй краіны”.

Свабоду Мікалаю Статкевічу!

Свабоду Паўлу Севярынцу!

Свабоду беларускім палітвязням!

Прэс-служба БНК