Міністр культуры РФ занепакоены станам рускай мовы ў Беларусі



На пасяджэнні калегій міністэрстваў культуры Расеі і Беларусі 12 красавіка ў Маскве кіраўнік Мінкультуры РФ Уладзімір Мядзінскі папрасіў свайго беларускага калегу Юрыя Бондара надаць асаблівую ўвагу абароне рускай мовы.

Як паведамляе сайт Міністэрства культуры РФ, Мядзінскі заявіў: апошнім часам у СМІ ўсё часцей з’яўляецца інфармацыя аб тым, што руская мова ў Беларусі „знікае з шыльдаў, на спартыўных мерапрыемствах шыльды на англійскай і беларускай”. „Мне здаецца, гэта не проста крыўдна для некаторых нашых дзеячаў культуры, гэта шлях да ўшчамлення адной з дзяржаўных моваў”, — сказаў Мядзінскі.

„Сярод тых рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць і якія мы заўсёды лічылі палітычна вельмі мудрымі ў Беларусі, — гэта раўнапраўнае развіццё дзвюх дзяржаўных моваў, рускай і беларускай, кожная з якіх з’яўляецца роднай для любога з жыхароў Беларусі”, — адзначыў расійскі міністр.

„Я б вельмі прасіў вас, каб гэтая найважнейшая частка нашага культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва апынулася ў сферы ўвагі Міністэрства культуры. Мы будзем вам за гэта вельмі ўдзячныя”, — сказаў Мядзінскі, звяртаючыся да міністра культуры Беларусі.

У сваю чаргу Юрый Бондар запэўніў, што рускай мове ў Беларусі нічога не пагражае. „Наадварот, — дадаў ён, — мы сёння думаем над дзяржаўнымі праграмамі па папулярызацыі беларускай мовы. Пераважная большасць насельніцтва Беларусі размаўляе на рускай мове, выхаваная на высокіх ідэалах рускай літаратуры. Я не магу ўявіць такой сітуацыі, калі руская мова будзе чужой для беларускага народа і Беларусі”.

У сумесным пасяджэнні калегій акрамя чыноўнікаў культурнай сферы ўдзельнічаюць дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, а таксама пасол РФ у Беларусі — спецпрадстаўнік прэзідэнта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю Міхаіл Бабіч.

10 лютага ў інтэрв’ю тэлеканалу RT Бабіч заявіў, што існуе вельмі тонкая грань паміж „мяккай беларусізацыяй” і „дэрусіфікацыяй”. На пытанне, „ці можа ўзмацненне ўвагі да нацыянальнай культуры, мовы, элементаў беларускай ідэнтычнасці пагражаць рускамоўным людзям, рускай мове і рускай культуры” ў Беларусі, Бабіч адказаў: „Вывучэнне роднай мовы, гісторыі, культуры, традыцый — гэта нават не права, а абавязак любога народа, які не хоча страціць самаідэнтычнасць. Было б дзіўна нейкім чынам абмяжоўваць гэтыя магчымасці ў незалежнай дзяржаве”.

„Няма нічога дрэннага ў тым, што сёння Беларусь развіваецца ў гэтым плане. Але гэта не павінна адбывацца за кошт ушчамлення правоў рускай мовы, сумеснай культуры, сумесных гістарычных фактаў, а таксама фальсіфікацыі гісторыі. Сёння вельмі важна знайсці гэты баланс”, — дадаў пасол РФ.

belapan.by

Фота ИноСМИ