Чым закончыцца чарговая сварка паміж Менскам і Масквой?



Палітык Анатоль Лябедзька патлумачыў, чаго сёння праз свае заявы дамагаюцца беларускія ўлады ад Крамля.

Нагадаем, што беларускі кіраўнік выказаў незадаволенасць тым, што Расея ўводзіць санкцыі на беларускую прадукцыю, заявіў, што такім чынам Масква “выкручвае рукі” і прыгразіў, што нафтаправоды, якія ідуць праз Беларусь, могуць закрыць на рамонт.

Анатоль Лябедзька: У гісторыі расейска-беларускіх стасункаў здараюцца абвастрэнні і звычайна гэта звязана з актыўнасцю таго ці іншага ўдзельніка Саюзнай дзяржавы. У сярэдзіне 90-х такую актыўнасць праяўляў беларускі кіраўнік, калі ён фактычна праводзіў сваю перадвыбарчую кампанію ў Расеі. Яго бачылі на Кубані, ва Уладзівастоку і іншых расейскіх рэгіёнах. Меркавалася, што такім чынам рэалізуецца план па абранні лідара Саюзнай дзяржавы.

Зараз тое, што адбываецца, я б назваў фрагментамі выбарчай кампаніі Пуціна ў Беларусі, але замест кіраўніка Расеі ў Беларусі актыўнічае расейскі пасол са спецыяльнымі паўнамоцтвамі Міхаіл Бабіч. І, безумоўна, беларуская ўлада гэтую актыўнасць успрымае хваравіта.

РР: Бачыць у гэтым небяспеку для сябе?

Анатоль Лябедзька: Прасоўванне Пуціна ў Беларусі азначае стварэнне праблем для дзеючага беларускага кіраўніка. Гэта, на мой, погляд, галоўнае ў сёняшнім канфлікце. А ўсё астатняе – дэталі. Нафтавая труба, беларускія ананасы – гэта ўжо тэхнічныя моманты. Але стратэгічная задача зусім іншая.

РР: Чым сёняшні канфлікт можа закончыцца?

Анатоль Лябедзька: Кіраўнікі Расеі і Беларусі і далей мусяць цярпець адзін аднаго, бо далейшае абвастрэнне – гэта пагроза не толькі асабіста для беларускай улады, але і для суверэнітэта краіны. Між тым, трэба разумець, што, калі нафтаправод не будуць закрываць на рамонт, а беларускія ананасы ці крэветкі ізноў паплывуць у Расею, то гэта не азначае, што канфлікту больш няма. Прырода Саюзнай дзяржавы такая, што яна больш нагадвае міннае поле. Узарвацца можа ў любы дзень і ў любым месцы. У гэтай дзяржаве закладзены механізмы не вырашэння праблем, а іх стварэння.

РР: А наколькі, на ваш погляд, сур’ёзная заява, што нафтаправод і насамрэч могуць часова закрыць? Ці гэта больш такі піяр-ход з элементамі шантажу?

Анатоль Лябедзька: Ніхто, безумоўна, ніякую трубу перакрываць не будзе. Такія заявы – інcтрумент ціску на Маскву. Таму што ёсць праблемы нафтавага манеўра, ёсць праблемы лімітавання нафты, якая паступае ў Беларусь.

Беларускім уладам трэба пасадзіць Крэмль за стол перамоваў па гэтых пытаннях. Якім чынам гэта зрабіць? Трэба стварыць нейкі канфлікт. Вось з дапамогай пэўнай рыторыкі, відаць, і вырашылі аднавіць перамоўны працэс.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя