Мясніковіч: Беларусы ўспрынялі пажар у Нотр-Даме як сваю бяду
На сустрэчы з дэлегацыяй сената Францыі 16 красавіка ў Менску кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента Міхаіл Мясніковіч выказаў падтрымку Францыі ў сувязі з пажарам, які сур’ёзна пашкодзіў сабор Парыжскай Божай Маці (Нотр-Дам).
„Мы ў Беларусі шкадуем пра гэтую бяду. Гэта сапраўды адна з галоўных славутасцяў Францыі, сімвал Парыжа. Беларусы, як і іншыя неабыякавыя ва ўсіх краінах свету, успрынялі гэтую бяду як сваю”, — заявіў спікер верхняй палаты.
Увечары 15 красавіка на пажар адрэагавала пасольства Беларусі ў Францыі. „Увесь свет глыбока засмучаны трагедыяй сабора Парыжскай Божай Маці, аднаго з найвялікшых здабыткаў чалавецтва. Выказваем словы падтрымкі французскаму народу”, — адзначаецца ў паведамленні пасольства ў „Твітэры”.
Сабор Парыжскай Божай Маці загарэўся ўвечары 15 красавіка. Агонь тушылі 9 гадзін. Абрынуўся шпіль будынка, гадзіннік, калоны ў нефе і дах сабора. Ацалелі хрысціянскія святыні — фрагмент цярновага вянку Ісуса Хрыста, частка Крыжа Збавіцеля, туніка святога Людовіка і некалькі карцін.