У Менску абмяркоўвалі выбарчае заканадаўства
У Менску адбыўся круглы стол „Выбарчае заканадаўства Беларусі і практыка прымянення: якія змены патрэбны і ці забяспечаць яны свабоду выбару?” Яго арганізавалі ўдзельнікі грамадскай кампаніі „Права выбару”, куды ўваходзяць 8 беларускіх дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый.
Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай, змены ў выбарчы кодэкс неабходны, асабліва ўлічваючы высокі ровень фальсіфікацый на папярэдніх выбарах:
– Яны неабходны для дэмакратызацыі працэсу. Для больш адкрытага падліку галасоў і ўвогуле для зменаў у выбарчым працэсе. Наколькі гатова ўлада да гэтага? Яна не зацікаўлена, каб штосьці мяняць кардынальна, каб быў празрысты падлік галасоў, каб было больш правоў у назіральнікаў. Папярэдне ўсе змены былі ўнесены такім чынам, што яны наадварот абмяжоўвалі правы ці рабілі працэс такім, каб на свой бок трактаваць выбарчае заканадаўства. Таму ўлада не асабліва гатова да гэтага.
Але, улічваючы, што ёсць беларускія палітычныя партыі, ёсць міжнародная супольнасць, якая праяўляе цікавасць да выбараў у Беларусі, ціск на ўладу з боку кампаніі „Права выбару” дзеля зменаў у выбарчым заканадаўстве будзе працягвацца, – кажа Вольга Кавалькова. Таксама будзе працягнута праца над зменамі ў правапрымяняльную практыку. Гэта тычыцца і фотафіксацыі падчас выбараў, працэдуры падліку галасоў, працэдуры фармавання ўчастковых камісіяў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: Krynica.info