Як адрэагавалі на парыжскую трагедыю беларусы?
Пажар у саборы Нотр-Дам дэ Пары – падзея, якая ўзрушыла ўвесь свет. У рэжыме анлайн мільёны людзей глядзелі за тым, як полымя ахоплівае старажытны храм, як абрынаецца шпіль і элементы перакрыццяў даху. Гэта было вусцішнае відовішча. Нешта з шэрагу фільмаў-катастроф, у якіх апавядаецца пра магчымы фінал гісторыі чалавецтва. Зрэшты, ад анлайн-трансляцыі нельга было адарвацца. Чамусьці ўвесь гэты час пераследвала думка пра тое, што менавіта так прадстаўнікі Homo Sapiens будуць сустракаць канец свайго быцця, не маючы магчымасць супрацьдзейнічаць няўмольным законам прыроды.
Беларускае грамадства не засталося ў баку ад бяды французаў. На тэму ўзгарання Нотр-Дам дэ Пары выказаліся практычна ўсе вядомыя інтэлектуалы. Агульная танальнасць рэакцыяў – шок і імкненне ўбачыць сімвалізм у сітуацыі. “Знішчэнне Notre Dame de Paris (а старыя вітражы трансэпту, што перажылі “ўпрыгожванні” Людовіка XIV і Французскую рэвалюцыю – ўжо загінулі) – гэта абрынанне вежаў World Trade Center NYC для Еўропы. Адна з найстрашнейшых катастрофаў стагоддзя, якое толькі надышло. Пацярпеў не Парыж, пацярпела ўся наша цывілізацыя. Жудасны перадпасхальны тыдзень у гэтым годзе. Беражыце сябе і блізкіх”, — адрэагаваў на бяду Віктар Марціновіч. Больш лаканічна і ёміста ахарактарызаваў сітуацыю філосаф Уладзімір Мацкевіч: “Ніколі не быў раней у Парыжы. А цяпер і няма сэнсу”.
Адметна, што ў самы пік пажару, калі яшчэ не было вядома пра ягоныя наступствы, некаторыя беларусы ва ўсю чыхвосцілі французскія ўлады, МНС і грамадзянаў за тое, што тыя ніяк не ўпораюцца з полымем. Маўляў, чаму працуе мала экіпажаў пажарнікаў, чаму не задзейнічалі верталёты і ў тым жа рэчышчы з дзясяткам іншых “чаму”. Такое адчуванне, што спрабавалі самасцвердзіцца за кошт французаў, якія ва ўяўленні ладнай часткі беларускага грамадства дагэтуль уяўляюць сабой нешта сярэдняе паміж няўклюдным пажыральнікам вустрыцаў і “шарамыгай” з разгромленага пад Бярэзінай напалеонаўскага войска. Але праўда аказалася куды больш празаічнай. Грамадзянская абарона Францыі (Sécurité Civile Fr) аператыўна адказала такім крытыкам: “Скідванне вады з самалёта ці верталёта магло б разбурыць структуру Нотр-Дам і нанесці дадатковую шкоду суседнім будынкам”. Такім чынам, французскія пажарныя дзейнічалі ў складаных абставінах надзвычай прафесійна і самааддана, у выніку чаго пажар быў патушаны. Асноўныя канструкцыі касцёла, элементы дэкору фасаду, унікальныя вітражы былі выратаваныя. І гэта дае надзею на тое, што адзін з найбольш вядомых у свеце хрысціянскіх храмаў будзе адноўлены ў максімальна хуткія тэрміны. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў, што Сабор Парыжскай Маці Божай будзе адрэстаўраваны.
Дарэчы, рана многія еўраскептыкі з беларускімі пашпартамі пахавалі еўрапейскую цывілізацыю. На наступны дзень пасля трагедыі з жадаючых дапамагчы аднаўленню святыні выстраіўся шэраг вядомых людзей, у тым ліку доларавых мільярдэраў. Толькі два вядомыя французскія бізнесоўцы Франсуа-Анры Піно і Бернар Арно ахвяравалі 300 мільёнаў еўра на аднаўленне Нотр-Дама. Астранамічная сума нават для ЕЗ, не кажучы пра нашую частку планеты. Колькі не спрабаваў спраектаваць гэты прыгожы жэст на беларускіх таўстасумаў, нешта фантазія мяне некалькі разоў падводзіла, хоць сярод найбагацейшых беларусаў хапае людзей узроўню французскіх мецэнатаў. Магчыма, калі б айчынных алігархаў папрасілі зверху, яны б з сусветнай скрухай у вачах пералічылі б пару капеек, аднак наўрад ці б зрабілі гэта добраахвотна. Хаця я, мажліва, занадта кепска думаю пра людзей. Глядзіш, заўтра хтосьці з іх выдзеліць пару сотняў мільёнаў долараў на аднаўленне Фары Вітаўта ў Гародні ці каралеўскі замак у першай сталіцы ВкЛ Наваградку.