Суд не задаволіў скаргу на адмову ў святкаванні Дня Волі ля опернага тэатра



Суд Маскоўскага раёна Менска 16 красавіка не задаволіў скаргу на адмову гарвыканкама дазволіць святкаванне Дня Волі каля опернага тэатра ў цэнтры горада, паведаміла прэс-служба руху „За Свабоду”.

Скаргу падалі старшыня руху Юрый Губарэвіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Сталічныя ўлады матывавалі адмову тым, што арганізатары рэкламавалі мерапрыемства да разгляду заяўкі на яго правядзенне. Акрамя таго, прапанаванае месца правядзення нібыта не адпавядае закону аб масавых мерапрыемствах.

„Падчас судовага пасяджэння мы так і не ўбачылі доказаў таго, што адмова была абгрунтаванай, — заявіў Губарэвіч. — Прадстаўнік гарвыканкама спрабаваў прывесці мноства дадатковых аргументаў, якія ўсплылі не на момант падрыхтоўкі адмовы, а ўжо калі мы падалі на яе скаргу”.

У прэс-службе руху „За Свабоду” БелаПАН паведамілі, што арганізатары будуць абскарджваць рашэнне раённага суда ў гарадскім.

Святкаванне Дня Волі адбылося 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы, удалечыні ад цэнтра. Год таму, калі адзначалася 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, мерапрыемства прайшло ля опернага тэатра.

belapan.by