Мінсельгасхарч Беларусі не мае ілюзій наконт Расеі



У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі чакаюць, што Расея працягне палітыку абмежаванняў у дачыненні да беларускай малочнай прадукцыі на сваім рынку, а таму арыентуюць вытворцаў на дыверсіфікацыю экспарту. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў на экспартным форуме „Беларусь малочная” 17 красавіка ў Менску.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расея ў межах Саюзнай дзяржавы штогод фармуюць прагнозныя балансы ўзаемных паставак харчавання, у тым ліку малочнай прадукцыі, якія „закліканыя забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне магутнасцяў дзвюх краін і пашырэнне ўзаемнага гандлю”.

„На жаль, даводзіцца канстатаваць, што па прычыне абмежаванняў па выніках працы за 2018 год невыкананне аб’ёмаў паставак малака і малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расейскую Федэрацыю склала 617 тысяч тон у пераліку на малако. Пачатак 2019 года таксама мае адмоўную дынаміку: за два месяцы бягучага года недапастаўлена, згодна з запланаваным аб’ёмам, 1,7 тысячы тон сухога абястлушчанага малака, 4 тысячы тон сухога натуральнага малака, амаль паўтары тысячы тон канцэнтраванага малака, 1,7 тысячы тон масла, 32 тысячы тон іншай малочнай прадукцыі”, — паведаміў Багданаў.

Паводле яго слоў, Расея „не забяспечвае сябе асноўнымі прадуктамі харчавання, у тым ліку і малочнымі”. „Будзем шчырымі, паважаныя калегі: увядзенне абмежаванняў, на нашу думку, носіць рэгулятарны характар з мэтай забеспячэння канкурэнтаздольнасці і высокай даходнасці, у першую чаргу, нацыянальных вытворцаў. Ілюзіяў мець не будзем — гэты працэс будзе працягвацца. Бягучыя тэндэнцыі лішні раз паказваюць на неабходнасць сур’ёзнага падыходу да дыверсіфікацыі экспарту”, — падкрэсліў прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Багданаў адзначыў, што „рост з году ў год вытворчасці малака асноўнымі краінамі-вытворцамі прымушае задумацца пра лёс беларускай малочнай індустрыі і яе канкурэнтаздольнасць”. „Сусветная вытворчасць малака ў 2018 годзе вырасла на 2% і перавысіла ўзровень 2017 года на 16 мільёнаў тон. Буйныя сусветныя гульцы не змяншаюць тэмпаў, а, наадварот, павялічваюць. На жаль, мы з вамі не можам пахваліцца высокімі тэмпамі росту па выніках мінулага года — пры запланаваных 7,6 мільёна тон малака ў мінулым годзе нам удалося вырабіць 7,4 мільёна, забяспечыўшы сціплы прырост — 165 тысяч тон сырога малака”, — сказаў начальнік упраўлення.

Экспарт беларускай малочнай прадукцыі летась склаў 2 млрд долараў, што на 6% ніжэй, чым годам раней. „Прычынамі падзення з’яўляюцца не толькі палітыка абмежаванняў з боку Рассельгаснагляда на пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею, але і зніжэнне экспартных цэн на прадукцыю”, — сказаў на заканчэнне Аляксей Багданаў.

belapan.by