„Мінсктранс”: Праезд у сталіцы павінен каштаваць 1—1,2 еўра
Праезд у сталічным грамадскім транспарце, каб ён акупляўся, павінен каштаваць 1—1,2 еўра, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску 17 красавіка намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства „Мінсктранс” Віктар Тозік.
„Вазьміце нашых найбліжэйшых суседзяў. У Прыбалтыцы і Польшчы праезд каштуе 1—1,2 еўра. Нават у Расеі да абвалу рубля пяць гадоў таму праезд каштаваў прыкладна адзін долар. Сёння і ў нас такі кошт павінен быць, каб транспарт акупляўся”, — сказаў Тозік.
Цяпер, паводле яго слоў, пасажыры аплачваюць 40—50% ад сабекошту праезду ў Менску ў залежнасці ад віду транспарту.
Апошні раз праезд у сталічным транспарце даражэў у кастрычніку 2017 года. Тады кошт разавых талонаў і жэтонаў вырас на 5 капеек. „Мінсктранс” падаваў прапанову пра новае падвышэнне кошту праезду восенню мінулага года, але ў найбліжэйшы час яго не варта чакаць.
„Мы сваю прапанову падавалі яшчэ ўвосень, але гэта ад нас не залежыць. Гэта вырашаецца на больш высокім узроўні. Напэўна, у найбліжэйшы час не прыйдзецца чакаць”, — паведаміў намеснік генеральнага дырэктара „Мінсктранса”.