БелАЗ рыхтуецца паставіць у Турцыю 15-20 самазвалаў



Беларускі аўтамабільны завод рыхтуецца паставіць у Турцыю 15-20 самазвалаў – кошт адной такой машыны складае амаль $1 млн. Аб гэтым паведаміў 16 красавіка журналістам віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка па выніках перагавораў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

„Турэцкі бок зацікаўлены ў набыцці 130-тонных БелАЗаў, і гэты кантракт чакае падпісання ў першым паўгоддзі”, – расказаў Ігар Ляшэнка.

Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган заявілі, што краіны маюць намер павялічыць за некалькі гадоў тавараабарот да $1,5 млрд. На думку віцэ-прэм’ера, галоўным стымулюючым фактарам для гэтага стала б зняцце гандлёвых пошлін на ўвоз тавараў у Турцыю. „Так, пытанне няпростае. Мы дамовіліся, што будзе створана камісія, якая па кожнай гандлёвай пазіцыі разгледзіць прымяненне гэтых пошлін і што можна зрабіць у плане ўзаемнай зацікаўленасці”, – адзначыў ён.

Беларускі бок таксама зацікаўлены ствараць у Турцыі зборачныя вытворчасці сваёй тэхнікі. Да ліпеня ў індустрыяльнай зоне „Кырыкале” за 80 км ад Анкары адкрыецца завод, дзе будуць збіраць беларускія трактары. Прадпрыемства ствараецца пры падтрымцы Азербайджана, дзе трактары МТЗ выпускаюць ужо шмат гадоў. Сума інвестыцый перавысіць $15 млн, аднак сямігадовае вызваленне ад падаткаў кампенсуе затраты.

На гэтай жа пляцоўцы зборачныя вытворчасці могуць стварыць „Гомсельмаш” і „Амкадор”. Гэтыя пытанні будуць прапрацоўвацца з турэцкімі партнёрамі, дадаў Ігар Ляшэнка.

belta.by