Мядзведзеў: Інтэграцыя Расеі з Беларуссю павінна быць больш важкай



Інтэграцыя Расеі і Беларусі павінна быць больш важкай, заявіў прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў 17 красавіка падчас справаздачы пра дзейнасць урада ў Дзярждуме РФ.

„Цяпер мы вядзем з нашымі калегамі, з нашымі партнёрамі з Беларусі размову пра тое, якім чынам гэту інтэграцыю зрабіць яшчэ больш важкай, — цытуе Мядзведзева РИА Новости. — Беларускім сябрам перададзеныя нашы прапановы па інтэграцыі. Яны вызначаюцца, што для іх з’яўляецца прымальным, што менш прымальным”.

„Мы, вядома, і далей будзем развіваць наша супрацоўніцтва, але пры гэтым мы павінны, натуральна, памятаць пра тое, што такое супрацоўніцтва павінна быць у канчатковым выніку ўзаемавыгадным, — дадаў расійскі прэм’ер. — І прэзідэнты неаднаразова гэта пытанне абмяркоўвалі, і я са сваімі калегамі, прэм’ер-міністрамі Рэспублікі Беларусь, гэтыя пытанні абмяркоўваў. Гэтыя дыскусіі, гэтыя перамовы будуць працягнутыя па ўсіх пытаннях”.

Пра тое, што Расія перадала Беларусі пакет прапаноў аб далейшым паглыбленні інтэграцыі, стала вядома ў пачатку сакавіка са сродкаў масавай інфармацыі. 22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пацвердзіў атрыманне такіх прапаноў, але не стаў раскрываць іх сутнасць.

З ініцыятывай перагледзець падыходы да інтэграцыі ў Маскве загаварылі некалькі месяцаў таму. Пры гэтым са ступенню інтэграцыі Крэмль увязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі. На апошнім пасяджэнні саюзнага Савета міністраў — 13 снежня 2018 года ў Брэсце — Мядзведзеў заявіў, што Расія гатовая прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда і падліковай палаты. „Ёсць неабходнасць наогул зірнуць на тое, што адбывалася з саюзным дагаворам пачынаючы з 1999 года, што выканана, а што не выканана. Ёсць цэлы шэраг адчувальных тэм, якія мы рэгулярна абмяркоўваем, яны датычацца выраўноўвання ўмоў гаспадарання ў нашых краінах, аказання эканамічнай, у тым ліку фінансавай, падтрымкі”, — дадаў ён.

У Мінску ў сваю чаргу заяўляюць, што Беларусь захоўвае прыхільнасць да ідэі саюзнага будаўніцтва з Расіяй, але — пры стварэнні роўных умоў. 5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі, на якой заявіў: „Беларусь захоўвае абсалютную прыхільнасць да ідэі саюзнага будаўніцтва. Хачу, каб гэта перш за ўсё пачулі нашы прыхільнікі і апаненты ў Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым асноўны прынцып гэтага праекта — роўныя ўмовы для нашых суграмадзян і суб’ектаў гаспадарання. На іншых прынцыпах саюз немагчымы. І прынцып роўных умоў павінен няўхільна выконвацца. Пастулат суверэнітэту таксама застаецца для Беларусі непарушным”.

Па дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Расеі на ўзроўні ўрадаў створана рабочая група па праблемных пытаннях інтэграцыі. Як паведаміў журналістам 2 красавіка дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, аб выніках дзейнасці групы стане вядома ў найбліжэйшыя паўгода.

belapan.by

Фота Интерфакс