Суд над абаронцамі Курапатаў: агульны штраф 236 базавых (абноўлена)



18 красавіка ў судзе Менскага раёна ў 10 гадзін раніцы пачаліся разгляды спраў абаронцаў Курапатаў. Першым судзяць Валерыя Рабцава, ён бароніць сябе сам.

Справу разглядае суддзя Анжаліка Казлова. Валерыя Рабцава вінавацяць у „дробным хуліганстве” (арт. 17.1 КаАП), якое ён нібыта ўчыніў 4 красавіка ва ўрочышчы Курапатаў.  Актывіст заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб выкліку сведкі. 

Пасля перапынку Валеры Рабцаў распавёў у судзе, што ён прыехаў у Курапаты, каб даведацца, ці ёсць у арганізацыі „ЗаславльСтройІндустрыя” дазвол на знос крыжоў.  Адзначае, што не мог знаходзіцца фізічна ў 11.30 у месцы складання пратакола, як гэта ў ім запісана. Валеры Рабцаў здымаў на тэлефон затрыманне людзей, але неўзабаве да яго падскочылі супрацоўнікі ў цывільным, выхапілі тэлефон, выдалілі відэа і скінулі наладкі да заводскіх. Рабцаў адзначае, што бачыў, як супрацоўнікі затрымлівалі Ніну БагінскуюВіталя Трыгубава. Да яго падышлі моўчкі ззаду, выбілі тэлефон, скруцілі, кінулі ў аўтобус. Хто круціў, актывіст не бачыў. Пасля гэтага яго пратрымалі дзевяць гадзін у міліцэйскім участку і потым адправілі ў ІЧУ.

Сведкай выступае супрацоўнік АМАП Віталій Атрасевіч. Ён сцвярджае, што тэхніка і крыжы былі агароджаныя, Ніна Багінская легла на крыжы, у гэты час Рабцаў вёў здымку на агароджанай тэрыторыі. Калі супрацоўнікі міліцыі неслі Багінскую ў спецтранспарт, Рабцаў і Сабалеўскі сталі перашкаджаць затрыманню. Пасля гэтага Валерый быў затрыманы, а Сабалеўскі збег. Сам Віталій Атрасевіч прымаў удзел у затрыманні Валерыя Рабцава. 

Аднак актывіста настойвае, што ніякай агароджы не было. Ён заявіў хадайніцтва аб праглядзе відэа з месца здарэння, аднак суддзя адхіліла яго, бо невядома, хто яго здымаў, а самаго Рабцава на ім няма. 

Наступным у суд выкліканы Міхаіл Сабалеўскі. Ён сведчыць, што дакладна тэхніка не была агароджаная, а супрацоўнікаў у форме ён не бачыў. Калі пачалі затрымліваць Рабцава, ён збег, бо спужаўся людзей у цывільнай вопратцы. 

Суддзя Анжаліка Казлова палічыла віну Валерыя Рабцава даказанай і аштрафавала яго на 6 базавых велічынь. 

Справу супраць самаго Міхаіла Сабалеўскага разглядаў суддзя Павел Жэчко. Яго таксама, як і Валерыя Рабцава, абвінавацілі ў „дробным хуліганстве”.

Актывіста Сабалеўскага аштрафавалі на 10 базавых велічынь. 

У 11.00 – пачатак суда над 72-гадовай Нінай Багінскай. Яна на суд не з’явілася. Разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 17.1 КаАП у дачыненні да яе перанесены на 26 красавіка. 

У 14.00 пачаўся разгляд справы ў дачыненні да Зміцера Дашкевіча. Яго вінавацяць па двух артыкулах – 17.1 і 23.4 КаАП. Справу разглядае Аляксей Крапачоў. Сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Шчэрбакоў.

Суддзя вырашыў, што Зміцер Дашкевіч вінаваты ў прад’яўленных правапарушэннях і аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь. 

У 15 гадзін пачаліся суды над Дзянісам Урбановічам і Віталём Трыгубавым. Справу Дзяніса Урбановіча разглядае суддзя Анжаліка Казлова, а Віталя Трыгубава – Віктар Шаўцоў. Абодвух таксама вінавацяць па двух артыкулах КаАП – „дробнае хуліганства” і „непадпарадкаванне службовай асобе”. Супраць Віталя Трыгубава сведчыць зноў Шчэрбакоў. 

Суддзя аштрафавала Віталя Трыгубава на 20 базавых велічынь

У суд даставілі Паўла Севярынца. Справу супраць яго разглядае суддзя А. Колабаў. За 4 красавіка на яго таксама складзена два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях па тых жа артыкулах, як і іншых абаронцаў. У судовай залі Павел Севярынец сустрэўся з жонкай і сынам, якія прыехалі яго падтрымаць. 

seviarynec_sud_18.04.19.jpg

Павел Севярынец у судзе з жонкай і сынам. Фота Івана Мірончыка

Нагадаем, 7 красавіка суддзя Павел Жэчко арыштаваў Паўла Севярынца на 15 сутак.

Гэтым разам актывіста зноў прызналі вінаватым, аднак пакаралі штрафам у 50 базавых велічынь

У 16.30 суддзя Аляксей Крапачоў разгледзеў справу ў дачыненні да Валянціны Яроменак. Жанчыну вінавацяць па арт. 17.1 і 23.4 КаАП. Яе таксама аштрафавалі – на 10 базавых

Нагадаем, раніцай 4 красавіка стала вядома, што ў Курапатах  прадстаўнікі Бараўлянскага спецыяльнага лясгасу масава зносяць крыжы. Абаронцаў мемарыяла, якія абурыліся такімі дзеяннямі, супрацоўнікі міліцыі пачалі масава затрымліваць. Некаторых актывістаў пасля ўтрымання ва УУС Менскага раёна змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Паводле spring96.org