Фінляндыя пакуль не плануе адкрываць у Беларусі пасольства



Фінляндыя пакуль не плануе павышаць узровень свайго дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі, заявіў журналістам у Менску 18 красавіка намеснік дзяржаўнага сакратара па знешніх эканамічных сувязях Міністэрства замежных спраў Фінляндыі Марку Кейнянен.

Дыпламат прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця новага офіса аддзялення пасольства ў Менску на плошчы Свабоды, 11.

Марку Кейнянен падзякаваў пасольства Швецыі, у будынку якога офіс працаваў раней. Дыпламат нагадаў, што аддзяленне пасольства ў беларускай сталіцы адкрылася ў 2010 годзе. „Мы спадзяемся, што адкрыццё нашага новага офіса дасць магчымасць яшчэ больш інтэнсіфікаваць наша двухбаковае супрацоўніцтва. На дадзены момант мы не плануем пашыраць штат прадстаўніцтва, але калі сітуацыя гэтага запатрабуе, гэта стане наступным крокам. Але адкрыццё офіса ўжо дае магчымасць больш шырока весці сваю работу, праводзіць бізнес-сустрэчы на сваёй тэрыторыі”, — адзначыў ён.

На думку намесніка дзяржсакратара, фінляндска-беларускія адносіны зараз актыўна развіваюцца, асабліва гэта тычыцца двухбаковага гандлю. „Імпарт з Беларусі значна вырас. Мы будзем працаваць над тым, каб узрос і наш экспарт у Беларусь, а таксама па развіцці палітычных узаемаадносінаў”, — падкрэсліў дыпламат.

Марку Кейнянен адзначыў, што фінскія спецыялісты аказваюць экспертную падтрымку ў працэсе будаўніцтва ў Астраўцы БелАЭС. „Самае галоўнае тут — гэта бяспека”, — дадаў ён.

Прадстаўнік МЗС Фінляндыі таксама выказаўся ў падтрымку актывізацыі ўзаемнага турызму. Ён адзначыў, што цяпер прамыя рэйсы паміж Хельсінкі і Менскам ажыццяўляе толькі авіякампанія „Белавія”, а кампанія Finnair ў сакавіку спыніла іх выкананне з-за нізкага попыту з боку пасажыраў. „У турызме ёсць яшчэ над чым працаваць. Паміж нашымі сталіцамі каля гадзіны палёту, адлегласць не такая ўжо і вялікая”, — лічыць Кейнянен.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Фінляндыяй устаноўленыя ў 1992 годзе. У снежні 2011 года ў Хельсінкі пачало функцыянаваць паўнавартаснае беларускае пасольства, цяпер яго ўзначальвае Аляксей Самасуеў. У Беларусі па сумяшчальніцтве акрэдытаваны пасол Фінляндыі ў Літве Янне Хейсканен.

belapan.by