Суполку незалежнага прафсаюзу высяляюць з ААТ “Полацк-Шкловалакно”
Пярвічная суполка СПБ арэндавала пакой у будынку, які належыць прадпрыемству. Уласнік адмовіўся працягваць арэнду на падставе таго, што чальцоў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве нібыта няма. Адміністрацыя сцвярджае: раз чальцы прафсаюзу не плацяць унёскі праз бухгалтэрыю, значыць, і суполка СПБ не існуе.
Актывіст СПБ Віктар Стукаў тлумачыць, навошта адміністрацыя прадпрыемства правярае ведамасці і хоча ведаць прозвішчы чальцоў незалежнага прафсаюзу.
– Адміністрацыя запатрабавала спісы чальцоў. Мы паказалі адну заяву: маўляў, вось работнік, і вось яго заява ў наш прафсаюз. У той самы дзень – а работнік быў у адпачынку – яму патэлефанавалі з заводу, загадалі тэрмінова прыйсці і напісаць заяву, што ён не з’яўляецца чальцом прафсаюзу. Вядома, супрацьстаяць такому ціску з боку наймальніка работнік не можа. Прадпрыемства плаціць заробкі, добрыя для горада Полацка – у сярэднім каля 800 рублёў. І людзям наўпрост кажуць: калі што, не будзе працягнуты кантракт.
Чальцы СПБ цяпер не афішуюць свайго сяброўства ў арганізацыі. Кіраўніцтва прадпрыемства звярнулася ў гаспадарчы суд, і той падтрымаў рашэнне адмовіць у арэндзе офісу.
На думку кіраўніка СПБ Міколы Шараха, справа не ў праве на арэнду, а ў жаданні адміністрацыі любым чынам пазбавіцца ад суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве.
– Прафсаюз замінае наймальніку эксплуатаваць работнікаў беспакарана. Сёлета суполцы СПБ на “Полацк-Шкловалакно” споўнілася 20 гадоў. І 20 гадоў наш прафсаюз займаўся тым, што абараняў сацыяльна-эканамічныя правы работнікаў – гэта заробак, гэта ўмовы працы, гэта абарона ў судзе… І гэта была костка ў горле і выклікала вялікае незадавальненне наймальніка.
Пакой, дзе засталася маёмасць прафсаюзнай суполкі, прадстаўнікі адміністрацыі ААТ “Полацк-Шкловалакно” зачынілі на свой замок.
Якім чынам суполка СПБ зможа забраць свае кнігі, дакументы, мэблю, яшчэ не вырашана.
Ганна Ліпка для Беларускага Радыё Рацыя