У Паўночнай Ірляндыі ў выніку беспарадкаў забітая журналістка
У Паўночнай Ірляндыі ў выніку вялікіх беспарадкаў у горадзе Лондандэры ўвечары ў чацьвер, 18 красавіка, застрэлена 29-гадовая жанчына, мяркуема журналістка. Паводле слоў цэлага шэрагу рэпарцёраў, ахвярай гвалту стала Лайра Маккі, якая шмат пісала пра канфлікт у Ольстэры і яго наступствах. Паліцыя паведаміла, што разглядае тое, што адбылося, як тэракт.
Беспарадкі адбыліся ў раёне Крэган нанярэдадні велікоднага уік-энда, калі ірляндскія католікі-радыкалы ўспамінаюць пра паўстанне супраць брытанцаў у 1916 годзе.
Паводле паведамлення паліцыі, удзельнікі беспарадкаў закідвалі ахоўнікаў парадку бутэлькамі з запаляльнай сумессю, прыгрымела таксама некалькі стрэлаў. Пры тым было падпалена некалькі аўтамабіляў.
У Крэгане актыўныя ваенізаваныя групоўкі. З пачатку года ў Лондандэры ўжо неаднаразова выбухалі бомбы, але дагэтуль абыходзілася без ахвяраў.
Беларускае Радыё Рацыя