Вежы Лідскага і Гальшанскага замкаў пасля рэстаўрацыі адкрыюцца сёлета



У бягучым годзе будуць уведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі вежы Лідскага і Гальшанскага замкаў, якія пачнуць працаваць у верасні разам з музейнай экспазіцыяй. Аб гэтым заявіў журналістам у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі намеснік міністра культуры Сяргей Шарамецьеў.

Намеснік міністра нагадаў, што ў Беларусі ў розныя часы існавала не менш як 150 замкаў са сваёй гісторыяй, архітэктурнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі. У дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей знаходзіцца больш за 15 замкаў і іх фрагментаў, а таксама каля 20 замчышчаў.

„Клопат пра замкі – гэта клопат дзяржавы аб сваім іміджы і будучым, які мы дэманструем Еўропе і свету. Бо, займаючыся мінулым, мы фарміруем будучае. Напрыклад, у рамках дзяржаўнай праграмы „Замкі Беларусі”, якая ажыццяўлялася ў 2012-2015 гадах, з рэспубліканскага бюджэту было накіравана Br8,8 млн, з мясцовага – Br8,8 млн і прыцягнутых сродкаў – каля Br1 млн. Фінансаванне такіх аб’ектаў з’яўляецца важным стратэгічным аспектам”, – адзначыў Сяргей Шарамецьеў.

Паводле яго слоў, былі пачаты рэстаўрацыйныя работы над многімі аб’ектамі, пад рэстаўрацыяй маецца на ўвазе дэталёвае сур’ёзнае даследаванне, вывучэнне архіўных матэрыялаў і ўзважаныя рашэнні. У гэтым годзе асноўныя сродкі будуць накіраваны на завяршэнне аб’ектаў. „Сёння аб’ектам нумар адзін з’яўляецца рэстаўрацыя Старога каралеўскага замка ў Гародні і вяртанне яму рэнесанснага аблічча”, – сказаў намеснік міністра.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што адзіны шлях па захаванні руінных і часткова захаваных аб’ектаў – гэта іх высокапрафесійная кансервацыя. Сяргей Шарамецьеў падкрэсліў, што мясцовыя ўлады, пачынаючы рэстаўрацыю пэўнага аб’екта, павінны прадумаць, для чаго гэта робіцца, хто туды прыйдзе і што людзі будуць глядзець. „Вельмі важна разумець, што мы фарміруем не толькі аб’ект, але і цалкам інфраструктуру вакол яго”, – дадаў ён.

Намеснік міністра таксама паведаміў журналістам, што да канца года ў Менску плануецца адкрыць корпус Нацыянальнага мастацкага музея на Карла Маркса, 24.

belta.by