Высновы з паслання



У апошнія пару тыдняў увагу значнай часткі беларускай грамадскасці прыцягваюць падзеі ва Украіне, дзе поўнай хадой ідзе яркая выбарчая кампанія двух прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла. Дзейны кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка, спрабуючы выратаваць сітуацыю, пайшоў у ва-банк, выкарыстоўвае любую нагоду для камунікацыі з выбарцамі, то бок зусім не забранзавеў ад знаходжання на палітычным алімпе. Ягоны апанент, Уладзімір Зяленскі, выкарыстоўвае напоўніцу сацыяльныя сеткі, стварае вірусныя відэаролікі, эксплуатуе вобраз выдуманага персанажа – прэзідэнта Васіля Галабародзькі з серыяла “Слуга народу”. Але цэнтральная падзея другога тура – гэта дэбаты на стадыёне, якія абяцаюць стаць самай заўважнай палітычнай падзеяй на постсавецкай прасторы. Словам, Україна задае планку для іншых постсавецкіх дзяржаваў. На гэтым фоне выступы-маналогі аўтакратаў у Беларусі і Расеі выглядаюць анахранізмам, на які звяртаюць увагу выключна праз няразвітасць сацыяльна-палітычных адносінаў і адсутнасць хоць якіх палітычных навінаў.

Пасланне Аляксандра Лукашэнкі да дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў – скрайне сумнае відовішча, якое не выратоўвае нават харызма асноўнага прамоўцы. У гэтым шоу няма драматызму і нерву, паколькі ўлада загадзя паклапацілася пра тое, каб апаненты ці журналісты не патурбавалі яе нязручнымі пытаннямі. Але сякія-такія высновы па праглядзе выступа кіраўніка дзяржавы ўсё-такі зрабіць можна.

Па-першае, улада панічна баіцца канкурэнцыі і альтэрнатыўнай думкі. Менавіта таму да ўдзелу ў сёлетнім пасланні не былі дапушчаныя прадстаўнікі апазіцыйных сілаў і журналісты. Напярэдадні сустрэчы некалькі журналістаў, якія наведвалі ў апошнія гады падобныя мерыпрыемствы, атрымалі адмову ў акрэдытацыі па прычыне “недахопу пасадачных месцаў”. Такі падыход паказвае, што дзяржава ў бліжэйшыя пару год не намераная ісці на саступкі жаданням прадэмакратычнай часткі грамадства, дэманструючы гатоўнасць запусціць рэпрэсіўныя механізмы ў выпадку чаго.

Па-другое, эксперымент з наданнем мандатаў дзвюм “канструктыўным” апазіцыйным дэпутаткам, хутчэй за ўсё, быў прызнаны няўдалым. Нягледзячы на тое, што за перыяд кадэнцыі Алена Анісім і Ганна Канапацкая засвоілі правілы гульні, не перакрочвалі “чырвоную лінію”, яны ўсё роўна ўспрымаюцца кіроўнай групай як пастаянная крыніца пагрозы. Выглядае на тое, што ўладу не пераканалі ў адваротным нават бяззубыя пытанні, якія задалі дэпутаткі падчас гэтага паслання. Алена Анісім звярнулася з прапановай усталяваць помнікі заснавальнікам БССР, а Ганна Канапацкая задала даволі бяскрыўдныя для ўлады пытанні пра канчатковы кошт Астравецкай АЭС і гатоўнасць уладаў да магчымых эканамічных рэформаў. Выслухаўшы гэтыя пытанні з усмешкай, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнена агучыў свае хатнія загатоўкі. І паралельна заявіў пра тое, што не прэзідэнцкія, а парламенцкія выбары пройдуць у 2019 годзе. Калі так, то шансы ў апазіцыі на атрыманне мандатаў у новым парламенце мізэрныя. Улады паклапацяцца ўкамплектаваць Палату Прадстаўнікоў абсалютна кіраванымі кадрамі нават без прыкметаў самастойнасці, як тое назіраецца раз-пораз у паводзінах Алены Анісім і Ганны Канапацкай.

Па-трэцяе, у бліжэйшыя гады беларусам, нягледзячы на іх чаканні адносна рэформаў, беларусізацыі і лібералізацыі, давядзецца забыцца на свае спадзяванні. Улады вяртаюцца да старой практыкі ўтрымання лейцаў кіравання любой цаной.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ