На арганізатараў Дня Волі склалі пратаколы за неаплату паслуг міліцыі
Пратаколы аб парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства складзены міліцыяй у адносінах да заяўнікаў Дня Волі ў Менску. Яго святкаванне прайшло 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы.
Арганізатары мерапрыемства адмовіліся выконваць частку раней заключанай дамовы і плаціць за паслугі міліцыі, палічыўшы іх няякаснымі і заявіўшы прэтэнзіі з гэтай нагоды.
Па словах кіраўніка Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, міліцыя дзейнічае абсалютна нелагічна:
– Міліцыя выставіла яшчэ перад правядзеннем мерапрыемства рахунак. І мы вымушаныя былі падпісаць дамову, як таго патрабуе закон. Аднак сама дамова была шматкроць парушана з боку міліцыі. Бо замест забеспячэння грамадскага парадку, яны дапускалі выкраданне невядомымі на тэрыторыі мерапрыемства Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага.
Былі і іншыя парушэнні. Менавіта таму пасля правядзення Дня Волі заяўнікі звярнуліся ў менскую гарадскую міліцыю з пісьмовай прэтэнзіяй, у якой патлумачылі, што па гэтых абставінах лічаць паслугі міліцыя няякаснымі і не бачаць падставаў іх аплочваць. У адказ Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў, Мікалай Казлоў атрымалі пратаколы пра тое, што адмовіўшыся плаціць, яны парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і нібыта здзейснілі правапарушэнне, прадугледжанае часткай 2 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Санкцыя па гэтым артыкуле альбо штраф ад 20 да 40 базавых адзінак, альбо арышт да 15 сутак.
Беларускае Радыё Рацыя