Бібліяноч на Слонімшчыне адкрылі пісьменнікі
У вялікім адміністрацыйным будынку ў вёсцы Навасёлкі Слонімскага раёна адбылася бібліяноч, якую правялі супрацоўнікі Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа сумесна з культработнікамі Паўлаўскага сельскага Савета.
Бібліяноч зацікавіла вяскоўцаў, асабліва моладзь, якія прыйшлі, каб пазнаёміцца з гэтым мерапрыемствам, ды і самім паўдзельнічаць. Да свята кнігі былі арганізаваны розныя выставы, гандаль ласункамі, а таксама ўсім спадабаўся бібліятэчны бульвар, прысвечаны кнізе, творчасці землякоў і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў.
Бібліяноч у Навасёлках распачалася песнямі ў выкананні мясцовых артыстаў, а таксама выступленнямі слонімскіх пісьменнікаў Надзеі Салейка, Марыі Дмухоўскай, Наталлі Гурскай. Сяргей Чыгрын у бібліятэчную ноч прэзентаваў сваю новую ўнікальную кнігу “Гістарычная мазаіка Слонімшчыны”, якая нядаўна пабачыла свет у менскім выдавецтве “Кнігазбор”.
Бібліяноч парадавала прысутных яшчэ песнямі пад гітару, піццём гарбаткі, фотаздымкамі на памяць і проста шчырым сумоўем пра добрыя кнігі.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён Фота аўтара