Пададзены заяўкі на пяць мітынгаў супраць акумулятарнага завода пад Берасцем



Група жыхароў Берасця 19 красавіка падала паведамленні аб правядзенні ў траўні пяці мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода: аднаго мітынгу — 1 траўня на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў (у Берасцейскі гарвыканкам), чатырох мітынгаў — 5, 12, 19 і 26 мая ў вёсцы Тэльмы на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы „Прыбужжа” (у Берасцейскі райвыканкам). Гэтыя пляцоўкі вызначаныя мясцовымі ўладамі як сталыя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Амаль упэўнены, што ўлады забароняць і гэтыя мітынгі, але мы працягнем падаваць заяўкі і пасля маем намер абскардзіць татальную забарону ў рэгіёне свабоды мірных сходаў”, — заявіў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Ён нагадаў, што грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 88 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейскі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года штонядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

У студзені 2019 года Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва завода. На рэферэндум прапаноўвалася вынесці пытанне аб забароне любой дзейнасці, звязанай з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй на тэрыторыі Берасцейскага раёна.

9 красавіка суд Ленінскага раёна Берасця пакінуў без задавальнення скаргу ініцыятыўнай групы, якая прасіла суд прызнаць адмову ў яе рэгістрацыі незаконнай, неабгрунтаванай і патрабавала абавязаць Берасцейскі райвыканкам зарэгістраваць ініцыятыўную групу, а таксама прапанаванае на рэферэндум пытанне.

belapan.by